Кнігі Ларысы Геніюш



9 жніўня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вялікай беларускай паэткі і патрыёткі Ларысы Геніюш (1910-1983). Яна ніколі не мела савецкага грамадзянства, але ў думках і марах была грамадзянкай Беларускай Народнай Рэспублікі. Да сённяшніх дзён, калі мы маем сваю незалежную дзяржаву Рэспубліку Беларусь, пра якую ўсё жыццё марыла Ларыса Геніюш, народная паэтка застаецца нерэабілітаванай. А яна – гонар нашай нацыі, вялікая дачка беларускага народа. Пасля сталінскіх лагераў, да самай смерці паэтка жыла ў Зэльве пад наглядам КДБ. Жыла і пісала вершы, успаміны, сустракалася са сваімі сябрамі…

Пры жыцці Ларысе Геніюш удалося патрымаць у руках пяць кніг сваіх вершаў. Першы зборнік яе паэзіі “Ад родных ніў” пабачыў свет у Празе ў 1942 годзе.

Пасля гэтага выдання, імя паэткі стала часта з’яўляцца на старонках беларускіх эміграцыйных выданняў. Яе вершы перадрукоўвалі амаль усе беларускія газеты і часопісы, якія выдаваліся ў розных краінах свету. А таксама творы друкавалі многія беларускія выданні, што выдаваліся пад акупацыяй.

Факсімільнае перавыданне “Ад родных ніў” Ларысы Геніюш з’явілася ў Слоніме ў 1995 годзе. Кнігу надрукавала Слонімская друкарня, дзякуючы Міхасю Скоблу і аўтару гэтых радкоў пры фінансавай падтрымцы ТАА “Альгерд” (Валянціна Дубатоўкі, Міхася Чапрасава, Віктара Каладзкага). Наклад факсімільнага выдання быў 3000 асобнікаў.

Першы паэтычны зборнік Ларысы Геніюш у Беларусі быў надрукаваны ў 1967 годзе. Ён называўся “Невадам з Нёмана”.

Прыгожа аформлены зборнік мастаком Уладзімірам Басалыгам і адрэдагаваны Уладзімірам Караткевічам, здзівіў не толькі чытачоў, але і саму аўтарку. Прадмову да кнігі напісаў Юльян Пшыркоў. У ёй аўтар сказаў: “Лёс Ларысы Геніюш быў цяжкім і цярністым, нямала давялося выпіць горычы. І зараз, з філасофскаю разважлівасцю ацэньваючы мінулае, паэтэса прыходзіць да вываду, што жыццё непераможнае ў сваім поступе і трэба змагацца за яго”. І паэтка змагалася, жыла, пісала.

У 1972 і 1976 гадах у Менску з друку выходзяць дзве кніжкі Ларысы Геніюш для юных чытачоў. Гэта зборнічкі вершаў “Казкі для Міхаські” і “Добрай раніцы, Алесь!”. Дарэчы, вершы з гэтых зборнікаў, а таксама і шэраг іншых твораў увайшлі ў цудоўны зборнічак вершаў Ларысы Геніюш “Ластаўка”, які быў выдадзены дзяржаўным выдавецтвам “Юнацтва” у 2000 годзе. Зборнік складаўся з трох раздзелаў, куды, як напісана ў анатацыі да зборніка, увайшлі вершы пра радзіму і родную прыроду, пра сакавітую беларускую мову і шчырых працавітых людзей нашай зямлі. Уклаў “Ластаўку” паэт Уладзімір Мазго. Ён напісаў і прадмову да кнігі ў якой прыгадаў пра сустрэчы з Ларысай Антонаўнай у Зэльве, якая “дзялілася набалелым, цікавілася маімі вершамі, а калі чытала свае рукапісныя творы, то, здаецца, святлела з твару, нібы ўсе крыўды і цяжкасці адступалі, а лёд недаверу растаў пад лагоднымі промнямі сонца. Паэзія і бацькаўшчына былі гаючымі крыніцамі жыцця, выпакутаванага ёю…”. А ў 2018 годзе Глеб Лабадзенка ўклаў прыгожы том вершаў для дзяцей Ларысы Геніюш пад загалоўкам  “…Унукам”. У кнігу ўвайшоў 91 верш паэткі, з якіх 52 надрукаваны ўпершыню, а таксама 17 лістоў з малюнкамі паэткі. У выніку атрымаўся самы поўны збор дзіцячых вершаў Ларысы Геніюш, аздоблены аўтарскімі малюнкамі паэткі.

Ларысе Антонаўне пашчасціла патрымаць у руках і яшчэ адзін зборнік “На чабары настоена” (Менск, “Мастацкая літаратура”, 1982) з прадмовай Дануты Бічэль.

“Дзевяць вершаў” – так называўся зборнічак Ларысы Геніюш, які быў надрукаваны саматужным спосабам у Беластоку лацінкай у 1987 годзе. А праз тры гады Барыс Сачанка укладвае, піша прадмову і выдае яе кнігу вершаў “Белы сон”. Побач з творамі, якія ўжо былі вядомыя чытачу, у кнігу ўвайшлі вершы і паэмы, створаныя ў сталінскіх лагерах і ў “зэльвенскі” перыяд творчасці, які таксама не быў шчаслівы і бясхмарны.

З прадмовай Арнольда Макміліна ў Лондане ў 1992 годзе выдаюцца “Вершы: рукапісны зборнік (1945-1947)” Ларысы Геніюш. А ў Беластоку адначасова з’яўляецца на свет зборнік “Маці і сын” Ларысы і Юркі Геніюшаў, які выдала беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”. Прадмову да вершаў Ларысы Геніюш напісала Данута Бічэль, адзначыўшы, што “сама Ларыса Геніюш лічыла сябе яцвежкай”.

Год 1993-ці быў у Беларусі годам Ларысы Геніюш. З друку выходзіць яе неўміручая “Споведзь” – твор пра жудасныя этапы і сталінскія лагеры смерці.

“Споведзь” нязломнага і адданага Бацькаўшчыне чалавека, бясконца ўлюбёнага ў свой край і людзей сваёй зямлі. “Споведзь” – якою зачытвалася ўся Беларусь і шмат даведалася новага пра страшны сталінскі час і рэпрэсіі. Падрыхтаваў тэкст “Споведзі”, напісаў прадмову і каментар Міхась Чарняўскі. Асобнай кнігай “Споведзь” Ларысы Геніюш выдавалася і ў кніжнай серыі “Мая беларуская кніга” выдавецтвам “Папуры” (2018).

Мікола Раманоўскі ў 1997 годзе выдае “Выбраныя творы” Ларысы Геніюш, піша да іх прадмову і каментар. “Выбраныя творы” паэткі выдаюцца і ў вядомай серыі “Беларускі кнігазбор” (2000). На 600 старонках змешчаны без цэнзурных правак  і скаротаў аповесць “Споведзь”, вершы і паэмы. Многія творы Ларысы Геніюш у гэтым томе былі надрукаваныя ўпершыню, яны перадрукаваныя з маладаступных перыядычных выданняў “Раніца”, “Новая дарога” і іншых. Том твораў паэткі падрыхтаваў, напісаў прадмову і каментар руплівы даследчык Геніюшазнаўства Міхась Скобла, адзначыўшы, што “Ларыса Геніюш абагаўляла Беларусь і яе прыроду”.

У дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 2000 годзе была выдадзена кніга выбраных твораў Ларысы Геніюш “Гасціна”.Уклала кнігу Зінаіда Пазняк. У ёй, акрамя твораў паэткі, надрукавана і яе біяграфія.

Да 100-годдзя паэткі ўсё той жа Міхась Скобла парупіўся і падрыхтаваў да выдання двухтомнік Ларысы Геніюш, куды ўвайшлі ў першы том вершы і паэмы, выбранае з прыжыццёвых кніг, з публікацый у маладаступнай перыёдыцы, а таксама 74 вершы, якія былі надрукаваны ўпершыню. Другі том склала аповесць “Споведзь” і аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрцы”, а таксама лісты паэткі.

У Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Карскага захоўваецца ў адным экзэмпляры прыгожае самаробнае выданне Ларысы Геніюш “Выбраныя творы”. Мастацкае афармленне кнігі ўключае ў сабе розныя малюнкі чорным атрамантам і рознакаляровымі фарбамі, калажы з сухіх кветак і траў. Старонкі выдання ўпрыгожаны з дапамогай шматлікіх трафарэтаў. Пераплёт абцягнуты зялёным аксамітам: вугалкі пераплёту з жоўтага металу. Кніга ўмацоўваецца ў асобны драўляны футаляр-падстаўку, які аздоблены мініяцюрай з відам на Жыровічы, якім паэтка прысвяціла некалькі сваіх твораў.  Самаробную кнігу Ларысы Геніюш зрабілі бібліятэкары з вёскі Жыровічы Слонімскага раёна Наталля Васілеўская, Алена Багародчанка і Пётр Адамчык.

Дзякуючы Міхасю Скоблу з друку выйшлі тры кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш. Гэта – “Каб вы ведалі” (Менск, 2005), “Асоба і час. Ларыса Геніюш” (Менск, 2010) і “Лісты з Зэльвы” (Гародня- Wrocław, 2012).   

Як бачыце, спадчына Ларысы Геніюш даволі вялікая і шмат чаго ўжо з’явілася ў друку. Але тысячы яе твораў і лістоў яшчэ застаюцца ў архівах і бібліятэках, якія чакаюць сваіх выданняў. Таму верыцца, што некалі наша дзяржава сур’ёзна парупіцца, каб выдаць поўную творчую і эпісталярную спадчыну вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя