Кнігі з серыі беларускай мемуарыстыкі прэзентавалі ў Гародні



Новыя кніжкі з серыі беларускай мемуарыстыкі прэзентавалі ў Гародні літаратары Ганна Севярынец і Аляксандар Фядута.

Найперш яны пазнаёмілі чытачоў з мемуарамі Пятра Глебкі, Уладзіміра Дубоўкі, Паўліны Мядзёлкі ды іншых. Архіўныя матэрыялы Глебкі, з якімі працавала Севярынец,  ніколі не закрываліся ад людзей і былі дасягальныя, але ж не публікаваліся.

– Не было, напэўна, цікавасці нейкай даследчыцкай. Ну што Глебка? Хто там чакаў ад яго асабістай шчырасці. А яны, насамрэч, людзі, якія перажылі гэты час – яны ж разумелі, у які час жывуць – яны ж хацелі расказваць пра яго праўду. Яны былі пісьменнікамі і яны гэта рабілі. Проста ўсё гэта было прыхавана. Не адчынены зараз толькі архівы КДБ. У архівах КДБ такіх мемуараў не будзе. Там будуць паказанні, даносы – іншыя жанры. А мемуары ляжаць у адкрытых архівах.   

У новай кнізе „Вакол Пятра Глебкі” чытач знойдзе згадкі аўтара пра дні, калі загінуў Янка Купала, пра лёс ягоных блізкіх. На думку ўкладальніцы, Глебка быў „прыстойным чалавекам, які вымушаны быў жыць у непрыстойны час.”

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча