Кнігу „Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” прэзентавалі ў НББ



 

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі кнігу пра багацце архітэктуры вадзяных млыноў Францішка Жылкі „Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”.

У выданні адлюстравана гісторыя мукамольнай справы Беларусі, праілюстраваная амаль 500 даўнімі і сучаснымі фатаграфіямі. Апісаны цікавыя тэхнічныя і гістарычныя дэталі, а таксама выкарыстаны матэрыялы з успамінаў нашчадкаў беларускіх млынароў.

Францішак Жылка склаў фотатэку здымкаў пачатку ХХІ стагоддзя, на якіх зафіксавана багацце архітэктуры вадзяных млыноў, іх гарманічнае спалучэнне з навакольным асяроддзем. „Гэта кніга краязнаўчая, таму там усё рэалістычна. Я ставіў перад сабой мэту апісаць стан старога млынарства на пачатак ХХІ стагоддзя”, – падкрэсліў аўтар выдання.

Кніга будзе карысная краязнаўцам-даследчыкам у справе вывучэння і абнаўлення мясцовых млыноў, а таксама экскурсаводам і нават турыстычным фірмам.

Францішак Жылка – ураджэнец Смаргонскага раёна, мецэнат, даследчык-краязнавец, аўтар кнігі „Вілія вачыма вандроўніка: краязнаўчыя нарысы” (2012), складальнік выдання „Мае ўспаміны” (2018).