Кніжны зубр пасяліўся ў Нацыянальнай бібліятэцы



Мастацкае афармленне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала больш цікавым: у фае будынка з’явіўся кніжны зубр.

„Скульптура „Зубр” з’яўляецца адначасова сімвалам Беларусі і зборным вобразам моцнай друкарскай традыцыі нашых продкаў. Матэрыялам для яе сталі дэталі старых друкарскіх станкоў і друкарскага шрыфту, што робіць яе помнікам кнігадрукаванню і літаратуры ў прамым і пераносным сэнсах. Сярод літар алфавіта, якія ўпрыгожваюць скульптуру, сустракаюцца нашы асаблівыя „ў” і „і”. Гэты факт канчаткова здымае пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці кніжнага зубра”, – расказалі ў бібліятэцы.

Скульптура ў стылі хай-тэк створана дызайнерам Генадзем Котлінскім у аўтарскім праекце Уладзіміра Ліхадзедава. Альтэрнатыўна яна называецца „Алеф” па назве першай літары старажытных алфавітаў, якая паходзіць ад егіпецкага іерогліфа ў выглядзе галавы быка.

belta.by