Конкурс батлейкі з удзелам дзіцячых калектываў каталіцкіх парафій



Конкурсам нацыянальнай батлейкі з удзелам дзіцячых калектываў каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі скончыўся трынаццаты фестываль “Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску”.

Конкурс праходзіў у Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска.

Як кажа арганізатар конкурсу, пробашч Віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага Адам Дынак, свае батлейкі на фестывалі ў гэтым годзе прадставіла нашмат больш калектываў, у параўнанні з мінулым.

– Гэты фестываль нічым адметым не адрозніваецца ад тых, якія былі. У гэтым годзе ўдзельнічае 10 груп. Радуе, што прыязджаюць групы з далёкіх парафій, такіх як Браслаў, Міёры, Лынтупы.

Па словах ксяндза Адама Дынака, у межах фестывалю былі праведзены выставы прац дзіцячай творчасці, святочныя канцэрты, сустрэчы чытачоў,тэатралізаванае наведванне пацыентаў дзіцячых аддзяленняў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. А ўсе ўдзельнікі батлейкі атрымалі дыпломы, каштоўныя прызы і прысмакі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя