Крама Symbal.by спыняе працу



У тэлеграм-канале крамы Symbal.by з’явіўся афіцыйны зварот да пакупнікоў: офлайн-крама спыняе працу. 

«Сябры, афлайн крама Symbal.by на пр-це Машэрава, 18 з 29 чэрвеня спыняе сваю працу. Запрашаем вас да канца тыдня набыць у нас што-небудзь, пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі. У наяўнасці яшчэ шмат сцягоў, цішотак, кубкаў, павязак, торбаў ды іншай прадукцыі. 

Чаму мы прынялі такое рашэнне? Бо супраць нас не спыняюцца праверкі, а толькі павялічваюцца. 

На мінулым тыдні на вытворчасць прыйшла санстанцыя, якая выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці і міліцыя, якая забрала на праверку 9 бел-чырвона-белых сцягоў. 

Таксама працягваецца праверка падатковай і ОБЭП, да гэтага часу ў нас няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў нашага кур’ера 419 цішотак ПСІХОЗ%. 

Ужо тыдзень ЖРЭО, ЖЭУ 2 і ЖКХ Савецкага раёну адмаўляюцца нам падключыць электрычнасць, хоць усе дамовы маем і падставаў не ўключаць яе нам няма. 

На гэтым тыдні мы дадаткова атрымалі ліст ад Мінгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёння, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю. 

Не выключаем варыянтаў, што ў бліжэйшыя дні па гэтых прычынах нам выставяць чарговыя патрабаванні спыніць працу крамы. 

Таму просім вас наведаць і падтрымаць нашую краму ў бліжэйшыя дні, пакуль нас не прымусілі спыніць працу.

Калі вы жывеце не ў Менску ці не ў Беларусі, то праз сайт Symbal.by можна падтрымаць нас і аплаціць карткай стыкеры салідарнасці.

Каб сачыць за далейшымі падзеямі і лёсам крамы, падпішыцеся на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках».

budzma.by