Краязнаўчыя чытанні з Баранавіцкім ТБМ



У сядзібе Баранавіцкага таварыства беларускай мовы ў Русіно адбыліся чарговыя, 5-я па ліку, краязнаўчыя чытанні. На гэты раз  пад назвай “Баранавіцкі край у часы Беларускай Н ароднай Рэспублікі”.

Аматары гісторыі праслухалі цікавыя даклады вядомых гісторыкаў. Старшыня рады Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі прачытаў жыццёвыя сведчанні стрыечнага дзеда Аляксандра Падгайскага, ураджэнца Баранавіцкага раёна, пра далёкія падзеі 20 века.

Асаблівае ажыўленне выклікалі гарачыя дыскусіі гісторыкаў па прычыне няўдач БНР:

– Магчыма, з вайсковага і палітычнага пункту гледжання, больш шансаў пакідала заняццё Менску  для працягу місіі БНР.

– Наколькі была б больш рэальная альтэрнатыва, калі б бальшавікі ўзялі Варшаву?

– Тады хутчэй за ўсё не было б Рэспублікі Беларусь.

– Варшава магла пасці. Калі б бальшавікі, як планавалі, пайшлі далей. Немцы разабраліся вельмі хуценька з камуністамі і сацыялістамі ў 19 годзе. Калі б Чырвоная армія ўвайшла ў Германію, Савецкі  Саюз не ўтварыўся б.

Паводле слухачоў чытанняў, было вельмі цікава і карысна. Людзі ўдзячныя  Таварыству за вельмі важную працу, асабліва старшыні Мікалаю Падгайскаму за арганізацыю і руплівасць, а таксама найбольш актыўным сябрам, якія стварылі цёплы, утульны быт паседжання.

Беларускае Радыё Рацыя