Краязнавец з Дзятлава выдаў сваю першую кнігу



У гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла з друку першая кніга грамадскага актывіста і краязнаўца з Дзятлава Валерыя Петрыкевіча. Кніга называецца “Там, дзе цячэ Маўчадка”.

Валерый Петрыкевіч – адзін з тых людзей, якімі павінна ганарыцца не толькі Дзятлаўшчына, але і ўся Беларусь. Гэта, дзякуючы яму, на Дзятлаўшчыне ўшанаваныя амаль усе пісьменнікі-землякі. Сярод якіх – Ігнат Дварчанін, Нікіфар Жальба, Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, Гарасім Прамень. Дзякуючы яму, устаноўлены памятныя шыльды і іншым знакамітым людзям дзятлаўскай зямлі.

Валерый Петрыкевіч яшчэ добры і цікавы публіцыст. Усё жыццё ён пісаў і піша розныя матэрыялы пра жыццё землякоў, пра спорт, пра вандроўкі па родным краі. Менавіта з такіх краязнаўчых сустрэч і вандровак складаецца яго першая кніга “Там, дзе цячэ Маўчадка”.

У кнігу дзятлаўскага краязнаўца ўвайшлі цікавыя  артыкулы і даследаванні пра першага ўладальніка Дзятлава Канстанціна Астрожскага, пра прозвішчы дзятлаўчан, пра асаблівасці дзятлаўскай тапанімікі.

Шчыра і чулліва напісаў Валерый Петрыкевіч пра свайго бацьку Міхася Петрыкевіча – заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і пра жонку Наталлю, былога педагога, якая зусім нядаўна нечакана пакінула гэты свет з-за каронавірусу. Прачытаюць чытачы ў кнізе  і шмат іншых добрых артыкулаў, звязаных з Дзятлаўшчынай і Наваградчынай.

Першая прэзентацыя кнігі Валерыя Петрыкевіча адбудзецца ў Дзятлаве 1 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]