Крэўскі і Гальшанскі замкі XV-XVII стагоддзяў цяпер можна наведаць віртуальна



Крэўскі і Гальшанскі замкі XV-XVII стагоддзяў цяпер можна наведаць віртуальна, паведаміў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў.

„У нашым музеі цяпер можна адправіцца ў віртуальную экскурсію па Крэўскім і Гальшанскім замках. З дапамогай 3D-акуляраў можна перанесціся ў мінулае і ўбачыць гэтыя замкі ў часы іх росквіту – прыкладна XV-XVII стст. Лічбавая рэканструкцыя стваралася на аснове гістарычных даных, кансультацый з археолагамі, вучонымі. Могуць быць недакладнасці ў інтэр’еры, але ўсё максімальна набліжана да гістарычных фактаў”, – сказаў Алег Рыжкоў. Крэўскі замак у віртуальнай рэальнасці прадстаўлены ў першую чаргу як крэпасць, а ў Гальшанскім можна больш падрабязна вывучыць залы, абстаноўку, пагрузіцца ў атмасферу таго часу.

Побач з акулярамі для 3D-падарожжаў у мінулае размешчаны спецыяльныя экраны, на якіх можна ўбачыць абодва замкі такімі, як яны выглядаюць цяпер. „Наша мэта – папулярызацыя замкаў. Гэта наша гісторыка-культурная спадчына. У гэтых руін таксама ёсць асаблівая энергетыка. На мой погляд, іх трэба захаваць, стварыць турыстычны праект. Цяпер ні адзін наведвальнік не праходзіць міма гэтых акуляраў. Людзі пагуляюць па нашым музеі, паглядзяць віртуальную экскурсію і, напэўна, захочуць наведаць Крэўскі і Гальшанскі замкі”, – адзначыў дырэктар музея.

Рэалізацыя праекта пачалася яшчэ некалькі гадоў таму і патрабавала карпатлівай работы над аднаўленнем архітэктурных дэталей і інтэр’ераў. Цяпер аўтар праекта ўжо думае над яго прадаўжэннем, таму ў будучым могуць з’явіцца віртуальныя туры і па іншых беларускіх замках. У бліжэйшых планах – аднаўленне замка „Белы Ковель”, ужо збіраецца неабходная інфармацыя.

Праект рэалізоўваецца менскім энтузіястам Ахрэмам Белабровікам пры тэхнічнай падтрымцы Samsung і ў партнёрстве з Нацыянальным гістарычным музеем.

belta.by