„Кропка” ад былога капітана менскага „Тарпеда”



Былы капітан футбольнага клуба “Тарпеда” (Менск), кандыдат тэхнічных навук, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Клышка выдаў у Менску сваю чарговую арыгінальную кнігу “…Кропка”. Кропка, праўда, ва ўласнай творчасці яшчэ не пастаўлена, таму будзем спадзявацца на новыя ягоныя кнігі вершаў, успамінаў і разваг.

Кніга “…Кропка” Алеся Клышкі зацікавіць тых, хто не абыякавы да нашай гісторыі, літаратуры і вядома ж – футбола. Аўтар напісаў кнігу-летапіс, кнігу-вынік шматгадовай творчасці, навуковай і спартыўнай дзейнасці. У кнізе чытачы сустрэнуць партрэты знакамітых асобаў, якіх ведаў Алесь Клышка і з якімі сябраваў, ён апісаў падзеі недалёкай мінуўшчыны і сучаснасці, успаміны пра футбольны Менск і тых вядомых футбалістаў, якія разам з ім некалі выходзілі на футбольныя палі.

У кнігу аўтар уключыў шэраг сваіх паэтычных віншаванняў, інтэрв’ю, дыялогаў, навуковых даследаванняў, якія дазволяць чытачам адчуць подых гістарычных падзей ХХ стагоддзя, рытм і супярэчнасці сучаснай рэчаіснасці. У кнізе Алеся Клышкі надрукавана каля 100 фотаздымкаў, многія з іх даволі рэдкія і цікавыя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя