“Крымінальнае чытво” ўпершыню ў Гародні



Упершыню ў Гародні на пляцоўцы “Цудоўня” з аншлагам адбыўся паказ фільма “Крымінальнае чытво” ў беларускамоўным перакладзе. Фільм паказвалі падчас падтрымкі праекту “Амерыканка”. На прагляд прыйшло некалькі дзясяткаў гледачоў рознага ўзросту.

Пра паказ распавядае яго арганізатарка Надзея Несцяровіч- Вішнеўская:

– Гэты паказ быў першы з серыі трох паказаў – так званае “Лета з Амерыканкай”. І наступныя паказы будуць таксама звязаныя з кнігамі, якія плануюцца да выдання. Так 8-га жніўня будзе “Байцоўскі клуб”, паводле Чака Паланіка, а 15-га жніўня будзе “Палёт над гняздом зязюлі”, паводле Кена Кізі. Гэтыя кнігі таксама перакладзеныя і чакаюць выдання.

Для гледачоў стужкі “Крымінальнае чытво” паказ быў вельмі цікавым, многія паглядзелі гэтую стужку ўпершыню: 

– Не так даўно я пераглядаў гэты фільм. Гэта своеасаблівы амерыканскі густ, чорная камедыя. І хацелася паглядзець гэта ў беларускамоўным перакладзе. Бо я глядзеў гэтую стужку не на мове арыгіналу, а ў расейскамоўным варыянце. Я ў задавальненні.

– Я ні разу не бачыў гэтай стужкі, а паглядзець упершыню ды яшчэ ў беларускай агучцы – гэта вельмі цікава. І гэта адкладзецца ў галаве такім добрым успамінам. І гледзячы гэты фільм разумееш, што можна сядзець з аркушам і запісваць выразы на розныя выпадкі жыцця.

Наступны паказ ў Гародні з серыі “Амерыканка”  адбудзецца ў наступны аўторак 8 жніўня. Арганізатары паказа спадзяюцца, што на наступны паказ магчыма прыедуць перакладчыкі , якія збіраюць на платформе Ulej грошы для гэтага праекту.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня