Крысціна Дробыш: Гэта створыць магчымасць нібыта папрысутнічаць на нашым выступе ў Аўгсбургу



Купалаўцы ў Нямеччыне. На фестывалі Brecht Festival «Fear» у Аўгсбургу свабодныя акцёры пакажуць спектакль «Страх». Гэта трылогія паводле п’есы «Страх і галеча Трэцяга рэйха» Бертальда Брэхта. І калі гледачы ў зале пабачаць толькі выбраныя кавалкі, у інтэрнэце на ютуб-канале «Купалаўцы» ў той жа самы час ахвотныя могуць паглядаць спектакль цалкам.

Расказвае акторка-купалаўка Крысціна Дробыш:

– Даем анлайн-спектакль «Страх». Чаму менавіта 23-га? Гэта для нас не просты дзень. Менавіта ў гэты дзень, 23-га, на фестывалі Брэхта ў Аўгсбургу ў Германіі адбудзецца жывы паказ. Пакажам яго частку, не ўвесь спектакль цалкам. Гэта такі момант, калі можаш глядзець анлайн. Мы не маем магчымасці стварыць трансляцыю, пакуль нам гэта тэхнічна складана, але хаця б адчуць, што менавіта ў гэты час недзе там ідуць тыя ж самыя сцэны. Мне здаецца, гэта хаця б блізка дзесьці да таго, каб папрысутнічаць тут і цяпер.

Жывы выступ «Купалаўцаў» адбудзецца у Аўгсбургу 23 лютага. У гэты ж дзень а 19:00 паводле менскага часу адбудзецца трансляцыя на ютуб-канале, дзе адначасова з жывым выступам на фестывалі спектакль «Страх» будзе даступны для прагляду. Запрашаюць «Купалаўцы», незалежная тэатральная група, якую заснавалі акцёры, што звольніліся з Купалаўскага тэатра ў жніўні 2020 года на знак пратэсту супраць гвалту ў Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]