Кубак Беларусі па мастацкай творчасці адкрыецца ў Менску



IV Міжнародны фестываль дзіцяча-маладзёжнай творчасці і педагагічных інавацый «Кубак Беларусі па мастацкай творчасці – Асамблея Мастацтваў» адкрыецца 20 студзеня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі). Аб гэтым паведамілі ў галерэі.

Фестываль аб’ядноўвае тры праграмы – выставачную, конкурсную і адукацыйную. Аўтары і арганізацыі, якія падалі заяўкі своечасова, атрымаюць магчымасць прадставіць свае работы ў галерэі «Універсітэт культуры» ў Менску. Акрамя таго, для іх прадугледжаны шматлікія майстар-класы і лекцыі. Выстава-конкурс прадстаўляе наступныя ўзроставыя катэгорыі: «дзіцячая», «малодшая», «сярэдняя», «старшая», «юніёр» і «педагогі». Конкурсная праграма складаецца з такіх напрамкаў, як жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, аўтарская лялька, дэкаратыўна-прыкладное, тэкстыльнае, лічбавае мастацтва. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца 1 лютага. Пасля заканчэння фестывалю будзе апублікаваны каталог «Новыя твары ў Мастацтве» (New Faces in Arts).

Кубак Беларусі – частка сусветнага мастацкага праекта World Art Assembly, які праводзіцца ў такіх краінах, як Расея, Беларусь, Вялікабрытанія, Украіна, Кітай, Латвія, Венгрыя. Галоўнай мэтай фестывалю зʼяўляецца прадстаўленне магчымасці адораным у мастацкім плане дзецям і падлеткам праявіць свой талент, прадставіць свае працы шырокай глядацкай аўдыторыі, прафесійным мастакам-педагогам. Адначасова папулярызуецца дзіцячая і падлеткавая творчасць. Камунікацыя прафесіяналаў садзейнічае выяўленню і распаўсюджванню інавацыйных металаў у развіцці дзіцяча-падлеткавай творчасці, заснаваных на выкарыстанні сучасных дасягненняў навукі і інфармацыйных тэхналогій.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць фонд «Мастацтва будучыні» / NextArt Foundation, прадзюсарская група «Мастацтва будучыні», ТАА «Добрая Стаўка». Патрануючыя арганізацыі: Маскоўскі акадэмічны мастацкі ліцэй Расейскай акадэміі мастацтваў, расейскае аддзяленне Сусветнага фонду мастацтваў, Еўразійскі мастацкі саюз, секцыя «Арт-Менеджмент» Творчага саюза мастакоў Расеі.

БелТА