Купалаўскі тэатр адкрыў адразу 16 вакансій
Нацыянальны тэатр Янкі Купалы апублікаваў спіс вакансій. Інфармацыя з’явілася на афіцыйным сайце.
У тэатр патрабуюцца спецыялісты адразу на 16 пазіцыяў. Гэта менеджэр па продажах, інжынер-электрык, начальнік вытворчасці, інжынер-тэхнолаг, літаратурны рэдактар, касцюмер, інжынер відэаназірання, сталяр, медсястра, інжынер-механік, мастак-дэкаратар, закройшчык-мадэльер, начальнік мастацка-бутафорскага цэха, начальнік вытворчасці мастацка-пастановачнай часткі, спецыяліст па рабоце з кліентамі і начальнік аддзела рэалізацыі.
Летам мінулага года з Купалаўскага звольнілася некалькі дзясяткаў чалавек. Большасць з іх былі акцёрамі, але таксама сышлі і некаторыя тэхнічныя супрацоўнікі. Што да працы самога тэатра, то ў трупе засталося ўсяго дзевяць акцёраў са старога складу. Таксама ў трупу праз кастынгі набралі новых акцёраў. Сярод іх некалькі прафесіяналаў, астатнія – студэнты.
Купалаўскі аднавіў тры старыя спектаклі („Паўлінка”, „Вечар” і „Чорная панна Нясвіжа”), а таксама падрыхтаваў пастаноўку „Жаніцьба”, прэм’ера якой адбылася ў ліпені гэтага года.
У снежаньскай афішы анансаваны дзве прэм’еры: „DONNA SOLA (Жанчына адна)” з адзнакай 18+ і казка „Гісторыя шакаладнага дрэва”. Падрыхтоўка да іх ідзе ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасці. І гэта не перабольшанне: на сайце адсутнічае інфармацыя аб рэжысёрах гэтых пастановак, а таксама аб акцёрах, якія будуць у іх задзейнічаны.
