Купалаўскі тэатр „ініцыюе працэдуру абвяшчэння забастоўкі”



Купалаўскі тэатр прыпыняе паказ спектакляў і „ініцыюе працэдуру абвяшчэння забастоўкі”.

Як адзначаецца ў адкрытым звароце купалаўцаў, „калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з трывогай сочыць за тым, што адбываецца ў нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў”. „Вельмі смуткуем па загінулых і вялізнай колькасці пацярпелых у вулічных пратэстах. Лічым, што асноўная адказнасць за тое, што адбываецца, ляжыць на дзейнай уладзе”, — гаворыцца ў звароце.

Калектыў тэатра „патрабуе ад усіх сілавых структур неадкладна спыніць гвалт адносна мірных грамадзян, якія маюць законнае канстытуцыйнае права на свабоду збораў і выказвання сваіх меркаванняў”.

„Весці барацьбу супраць уласнага народу — гэта шлях у нікуды. Гэтага не здарылася б, калі б у краіне адбыліся празрыстыя і справядлівыя выбары. На вялікі жаль, ёсць маса падстаў не давяраць лічбам, агучаным ЦВК. Краіна, у якой існуе вялізны дэфіцыт даверу да ўлады, пазбаўленая будучыні”, — падкрэсліваецца ў звароце.

„У дадзены момант зняць напружанне дапамог бы просты крок: адкрыты і празрысты пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты і грамадскасці. Выбар народа павінен быць безумоўна прыняты ўсімі”, — упэўненыя аўтары звароту.

Яны заклікаюць улады „выпусціць усіх затрыманых падчас гэтай выбарчай кампаніі, уся віна якіх заключаецца ў тым, што яны выказваюць альтэрнатыўнае меркаванне”.

„Мы прыпыняем паказ спектакляў да вырашэння існуючай сітуацыі і ініцыюем працэдуру абвяшчэння забастоўкі. Вельмі спадзяемся на мірнае вырашэнне сітуацыі і на тое, што розум і закон у нашай краіне перамогуць”, — адзначаецца ў звароце.

belapan.by

Фота: minsknews.by