“Кураж” Аляксея Палуяна на Берлінскім міжнародным кінафестывалі (абноўлена)



Сёння Святлана Ціханоўская разам з сястрой Марыі Калеснікавай Таццянай Хоміч наведала прэм’еру фільма беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Кураж» пра беларускія пратэсты.

Ціханоўская прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі на тэму Беларусі разам са Святланай Алексіевіч. Яна заявіла, што Святлана Алексіевіч – сумленне беларускай нацыі, і яна ганарыцца знаёмствам з нобелеўскай лаўрэаткай.

У сваім выступе Ціханоўская сказала: «Глядзець «Кураж» адначасова горда і цяжка. Я ганаруся быць беларускай, прадстаўляць гэтую вельмі моцна пасталеўшую ўсяго за адзін год нацыю. Але мне вельмі цяжка глядзець на кадры з пратэстаў, на якіх збіваюць, затрымліваюць і нават забіваюць мірных людзей. Фільм дазволіць гледачу з любой іншай краіны паставіць сябе на месца беларусаў у жніўні 2020 года”.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

* * * 

Другая частка Берлінскага міжнароднага кінафестывалю — з публічнымі паказамі і чырвонымі дарожкамі — пачалася 9 чэрвеня. Сёння, 11 чэрвеня, тут адбудзецца прэм’ера дакументальнай карціны “Кураж” Аляксея Палуяна пра жнівеньскія падзеі ў Беларусі. Рэжысёр паведаміў “Нашай Ніве”, што гасцямі Берлінале з гэтай нагоды стануць Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч.

Фільм раней паказалі на шэрагу кінафестываляў у Швейцарыі, Даніі, Аўстрыі і Польшчы. На Берлінскім фестывалі карціна намінаваная на ўзнагароду “Найлепшы дакументальны фільм”. Перад прэм’ерай “Куража” на пляцоўцы Берлінале адбудзецца панэльная дыскусія пра ролю мастака ў аўтарытарнай сістэме “Культура і палітыка ў Беларусі”.

Беларускае Радыё Рацыя