Курсы “Мова нанова. Віцебск” завяршаюць свой 7-мы сезон анлайн
Сёлета вядоўцы курсаў мусілі перайсці на іншы фармат заняткаў. У сувязі з другой хваляй каронавірусу, а таксама з тым, што ў Віцебску зачыніўся арт-паб “Торвальд”, дзе на працягу некалькіх год збіраліся навучэнцы, практычна ўсе заняткі курсаў “Мова нанова. Віцебск” прайшлі ў інтэрнэт-фармаце.
Гэта наклала пэўны адбітак – аўдыторыя пашырылася, але якасна змянілася, кажа адзін з вядоўцаў Іван Рагавой:
– Можа, не засвоілі, а можа, не захацелі ў такім фармаце сустракацца. Віцебскія таксама ёсць, але што добра – у нас ёсць студэнты з некалькіх краінаў Еўропы, са Штатаў далучаліся, з Расеі былі людзі – беларусы, якія туды з’ехалі. І мы адчулі, што такая цікаўнасць да мовы ёсць, нават з боку тых, хто ўжо даўно з’ехаў.
У фармаце анлайн вядоўцы збіраюцца правесці і выніковыя заняткі курсаў – прыгадаць усіх віртуальных гасцей і запрасіць музыку Сяргея Башлыкевіча. А таксама згадаць і сяброўскія сустрэчы ў рэальнай прасторы, якія хоць і зрэдку, але адбываліся сёлета – гэта супольныя паходы ў тэатр і на выставы, прагулкі на роварах і здымкі відэаролікаў да Дня роднай мовы.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
