„Кватэрнік” ад гарадзенскіх актораў
Некалькі дзясяткаў чалавек завіталі ў гарадзенскі „Цэнтр гарадскога жыцця”, каб паглядзець „Кватэрнік” ад актораў, што ўваходзяць у незалежны рух „Асобы”. Пад дахам „Кватэрніка” гучалі песні ды ладзіліся пастаноўкі.
Пра імпрэзу распавядае яе стваральнік, музыка і актор Аляксей Станога:
– Ідэя была мая ў прынцыпе, але працавалі канешне ўсе разам, кожны зрабіў свой уклад. Кожны добраахвотна выбраў песню, ніхто нікога не прымушаў. Мы хацелі зрабіць без чацвёртай сцяны, каб гледачы глядзелі на нас, а мы глядзелі на гледачоў. Каб паміж намі ўсімі была такая энергетыка, якая б гуляла па залі, паколькі тут зала вельмі маленькая, такая інтымная.
Акторка Настасся Суханосік выканала адну з самых кранальных песень:
– Дастатакова вядомы, папулярны трэк, але для мяне ён мае асаблівае значэнне, я пра яго казала перад выступам. А што датычыць адчуванняў, то да нас прыходзяць толькі тыя, хто гатовы падпітавацца мастацтвам, нейкай творчасцю, нашым пасылам, нашай энергетыкай. Мы атрымліваем гэта ад гледача, таму такія сустрэчы гэта ўзаемнае задавальненне.
На спатканні можна было пабачыць імправізаваную прадстаўнічку беларускай наменклатуры, пастаноўку на верш Барадуліна „Белая яблыня грому”, а таксама да гледачоў пад канец прадстаўлення выйшаў Зюзя, які казаў пра скрадзеныя ў 2020-м галасы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча
