«Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць»



У выставачнай залі ля Холмскай брамы Берасцейскай крэпасці адкрылася беларуска-нямецкая выстава пад назвай «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць». На адкрыцці сабраліся прадстаўнікі дыпламатычных місій Германіі, Украіны, Польшчы і іншых краін, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў і зацікаўленыя гараджане.

Каментуе даследчык і збіральнік выставы Аляксандр Далгоў:

Памяць пра гэтае месца была раскіданая па розных краінах, адкуль родам былі ахвяры. То бок чэшскі і габрэйскі архіў Прагі рабіў сваю выставу пра Трасцянец. І гісторыя там, вядома, была паказана з перспектывы чэшскіх габрэяў, а ў меншай ступені быў паказаны лёс беларусаў, якіх там знішчалі. У асобных музеях у Германіі ёсць аскепкі інфармацыі пра гэтае месца. У Аўстрыі вельмі моцная грамадзянская ініцыятыва, якая ў 2010 годзе прыязджала і вешала жоўтыя шыльды на дрэвах, у памяць пра забітых сваякоў. У нас галоўным чынам ушаноўвалі савецкіх мірных грамадзян і ваеннапалонных. Мы аб’ядналі ўсе гэтыя кавалкі памяці.

Выстава прадстаўлена ў візуальным, тэкставым і гукавым фарматах. На ёй сабраныя дакументы, звесткі і сведчанні вязняў пра нацысцкія злачынствы ў Трасцянцы. Сваімі ўражаннямі дзеліцца наведвальніца:

Я практычна не бачыла. Толькі гэты зал. Вядома, уражвае. Нельга забываць таго, што было, трэба заўсёды памятаць дзеля таго, каб быць лепшымі.

Па розных ацэнках у Трасцянцы загінула ад 60 да 200 тысяч чалавек. Выстава будзе працаваць да 3 снежня, на беларускай і нямецкай мовах. Уваход вольны.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце