Леанід Каліценя: Маем сваё кіно, але пра яго амаль нічога не ведаем



Некаторыя кіназнаўцы сцвярджаюць, што беларускага кіно не існуе. Ёсць толькі стужкі, знятыя на тэрыторыі Беларусі. Праект паказаў “Сваё кіно. Любім і глядзім” абвяргае гэтую тэзу.

Гаворыць прадусар Леанід Каліценя:

– Я прадусар праекта “Сваё кіно. Любім і глядзім”. Праект, як інтэрактыўны, пачаўся ў мінулым годзе, але вось такая актыўная офлайн-частка пачынаецца з гэтага году, з 1 лютага. Мы пачалі паказваць беларускае, незалежнае, самастойнае кіно, і будзем прапаноўваць нашым гледачам кожны месяц нешта новае, нешта цікавае, з дыскусіямі, з нейкімі няпростымі пытаннямі.

Першы кінапаказ праекта адбыўся ў сталічным “Арткінатэатры” у гандлёва-забаўляльным цэнтры “Тытан”. Гледачам прапанавалі дакументальную стужку рэжысёркі Дар’і Кароль “TEST-730”, прысвечаную прымусоваму размеркаванню на працу выпускнікоў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. Менавіта столькі дзён яны мусяць адпрацаваць там, куды іх накіравалі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.