Лепельскія краязнаўцы пераўвасобіліся ў паўстанцаў



Фатограф-амбратыпіст Сяргей Атрошчанка з Лепеля і мясцовыя краязнаўцы зрабілі стылізаваны фотапраект да 155-ых угодкаў паўстання 1863-1864 гг. Грамадскія актывісты пераўвасобіліся ў паўстанцаў. Кожны з іх самастойна падабраў вобраз, які, на іх думку, адпавядаў гэтай гістарычнай падзеі.

Па словах лепельскіх краязнаўцаў, перад праектам яны вывучалі ў інтэрнэце апісанне, малюнкі і магчымыя фотаздымкі паўстанцаў, каб знайсці падобную да тых часоў вопратку.

– Канешне, стопрацэнтна аўтэнтычны касцюм зрабіць ужо немагчыма, але прыкінуў, што можна зрабіць больш-меньш прыстойнае. Боты, штаны, кажух, рэмень, у сяброў пазычыў бутафорскую шаблю, стрэльбу, шапку.

– Хацелася ўзгадаць людзей, якіх ужо няма з намі, узгадаць і Кастуся Каліноўскага, і ўдзельнікаў паўстання, якія былі знішчаны. Трэба ўсім аб’яднацца, каб была салідарнасць нацыі. І тады мы пабудуем гэты дом, пра які марылі нашыя продкі дзесяцігоддзямі, а то і стагоддзямі.

Атрошчанка Сяргей:

– Я ўжо стаў практыкаваць групавыя амбратыпы. Я зрабіў палявую праявачную, мне нават не патрэбна памяшканне, я ў чыстым полі магу рабіць амбратып. Мне ўжо цікава рабіць групавыя здымкі, або на прыродзе.

У Лепельскім павеце было сфарміравана некалькі паўстанцкіх атрадаў, якія налічвалі дзясяткі чалавек. Цэнтрам асноўнага збору атрадаў паўстанцаў з некалькіх паветаў стала ў той час лепельская вёска Новыя Валосавічы. Адтуль аб’яднаны атрад, які ўжо налічваў каля 200 паўстанцаў, рушыў да вёскі Падбярэззе, там уступіў у бой з царскімі войскамі і пацярпеў паразу.

У перыяд паўстання з красавіка да траўня 1863 г. на тэрыторыі Віцебскай губерні было арганізавана каля 10 паўстанцкіх фарміраванняў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя