Ліпень з „Жывой мовай”



Полацкія моўныя курсы «Жывая мова» працягваюць свае заняткі ў ліпені. Штоаўторак сустрэчы адбываюцца ў кавярні «Раздол». Учора, 4 ліпеня, госцем курсаў была вядомая наваполацкая пісьменніца Ірына Жарнасек.

– Вельмі была рада пабыць тут. Шмат чула пра курсы. І сёння адчула, што ёсць людзі, якія папросту любяць мову. І нездарма яны назвалі свае сустрэчы «Жывая мова» – яна сапраўды тут жывая. Я казала ўжо ў час сустрэчы, што мне гэта нагадала нашу маладосць, нашы тусоўкі. Ведаю адно: мне гэта таксама цікава. І, магчыма, калі-небудзь я прыеду яшчэ раз сюды, каб пабыць на нейкай сустрэчы.

Першыя заняткі адукацыйных курсаў «Жывая мова» адбыліся сёлета ў лютым. Іх заснавальнікамі выступілі полацкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы і наваполацкі Інфармацыйна-культурны цэнтр „ІніцыАрт”. Вядоўца курсаў – музыка Стась Сілка.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя, Полацак

Фота аўтара