Літаратурна-краязнаўчая сустрэча ў школе
У Народным школьным музеі СШ № 4 г.Слоніма стала традыцыяй наладжваць сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія жывуць не толькі на Слонімшчыне, але і па ўсёй Беларусі. Найбольш карыснай для школьнікаў і настаўнікаў з’яўляюцца творчыя сустрэчы са сваімі землякамі.
Чарговая сустрэча з пісьменнікам, краяўзнаўцам і гісторыкам Сяргеем Чыгрыном была звязана з выхадам яго новай кнігі “Час спагадлівым не бывае”. Гэта кніга распавядае пра лёсы беларусаў ХХ стагоддзя.
Госць школьнікаў і настаўнікаў распавёў, як ён працаваў над кнігай, як збіраў новыя звесткі пра вядомых і малавядомых беларусаў, якія жылі ў розных кутках Беларусі. А ў кнізе цікава распавядаецца пра заснавальніка Ваўкавыскага музея Георгія Пеха, пра рэдактара “Студэнцкай думкі” Адольфа Зенюка, пра заходнебеларускага грамадскага дзеяча з Наваградчыны Пятра Першукевіча, пра баратоў Яўгена і Уладзіміра Хлябцэвічаў, пра грамадскага дзеяча і паэта Андрэя Чемера, мастака з Дзятлава Уладзіміра Мацюка, пра доктара філалагічных навук Алега Лойку, паэтаў Васіля Гадульку і Алеся Пісьменкова і іншых асобаў Беларусі. Пра ўсіх іх і ішла гутарка падчас сустрэчы. Госць таксама адказаў на пытанні настаўнікаў і вучняў.
Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара.
[manual_related_posts]