Літаратурна-музычныя сустрэчы на Дзятлаўшчыне працягваюцца



У Раклевіцкай базавай школе і ў Круцілавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна адбыліся творчыя сустрэчы вучняў і настаўнікаў з бардам і журналістам Зміцерам Бартосікам, пісьменнікам і краязнаўцам Сяргеем Чыгрыном, мясцовым грамадскім актывістам і былым педагогам Валерыем Петрыкевічам.

Сустрэча была прымеркавана да 500-годддзя беларускага кнігадрукавання. Сяргей Чыгрын пазнаёміў школьнікаў з унікальнымі выданнямі беларускіх і замежных выдаўцоў, распавёў усім пра гісторыю мініяцюрнай кнігі.

Валерый Петрыкевіч нагадаў, што сёлета ўся Беларусь адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. “А наш зямляк Ігнат Дварчанін з вёскі Погіры да Другой сусветнай вайны ў Празе напісаў сур’ёзную працу пра Францішка Скарыну, якая ўжо не раз выдавалася ў Беларусі”, – падкрэсліў Валерый Петрыкевіч. Падчас сустрэч Зміцер Бартосік спяваў шчырыя і жартоўныя песні.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара