Літаратурна-музычныя сустрэчы на Слонімшчыне і Дзятлаўшчыне



Некалькі сустрэч у сераду, 14 чэрвеня, правялі беларускія літаратары Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын, барды Зміцер Бартосік і Таццяна Грыневіч, а таксама дзятлаўскі грамадска-культурны актывіст Валерый Петрыкевіч на Слонімшчыне і Дзятлаўшчыне. Сяргей Чыгрын і Зміцер Бартосік сустрэліся са школьнікамі і педагогамі аздараўленчага лагера “Лясны” Слонімскага раёна і з вучнямі СШ № 7 у Народным музеіі імя Аляксандра Жукоўскага СШ № 4 г.Слоніма. А ў прышкольных лагерах “Усмешка” СШ № 1 і № 3 г.Дзятлава выступілі Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч. Потым да іх далучыўся і Сяргей Чыгрын, які распавёў і паказаў усім кніжкі розных гадоў і выданняў. Гэта кнігі вялікіх памераў і кніжкі-малюткі, а таксама дзіцячыя розныя выданні, нават дзеці ўбачылі круглыя, як сонейка кніжкі, і кніжкі на колах.

Падчас сустрэч у Слоніме і Дзятлаве шмат гучала беларускіх вершаў, песняў, былі наладжаны гасцямі розныя конкурсы і віктарыны, дзе пераможцы атрымлівалі прызы. Усе гэтыя сустрэчы ладзіліся з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Валянціна Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім-Дзятлава

Фота аўтара