Літаратурная вечарына і прэзентацыя альманаха „Брама” ў Бабруйску



19 чэрвеня ў Бабруйску прайшла літаратурная імпрэза з удзелам сяброў магілёўскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў – Міхася Булавацкага і Таццяны Барысік.

У межах вечарыны прэзентавалі чацвёрты нумар літаратурнага альманаха „Брама”. Адна з адметнасцяў гэтага выдання – яно цалкам на беларускай мове.

Пісьменнік і перакладчык Міхась Булавацкі распавёў пра бліжэйшыя планы магілёўскай літаратурнай супольнасці:

– З гэтага года мы спрабуем стварыць майстроўню-конкурс „Сакавіцкі грак”. Пачнем збірацца з верасня. Далучацца могуць усе жадаючыя. На сустрэчах чальцы будуць свае вершы, будзем абмяркоўваць, будзем нешта падказваць. У сакавіку над Сусветны дзень паэзіі зладзім конкурс, публічнае чытанне сваіх твораў. Трэба ж не толькі напісаць, але і падаць для публікі. Ёсць такая прымаўка – умела гатаваць, а не ўмела падаваць. Праз гэты конкурс хочам прыахвоціць і моладзь да вершаскладання.

Літаратарка Таццяны Барысік падчас сустрэчы ў Бабруйску прызналася, што з гэтымі мясцінамі ў яе асаблівыя повязі:

– Бабруйшчына мяне не адпускае. Я лічу гэта найлепшым месцам у свеце, бо за Бабруйскам зямлі ўжо няма. Я больш чалавек Бабруйшчыны і вясковы чалавек, чым магілёвец па пашпарце. Эмацыйныя ўражанні таксама нешта значаць – не важна як ты пражыў, а важна, што ты запомніў і як ты пра гэта потым распавядаеш. Няма дня, каб я не ўзгадала і вёску сваю. Без радыяцыі знікаюць вёскі, знікаюць людзі, бо проста фізічна выміраюць.

Альманах „Брама” і сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў у Магілёве запрашаюць і новых аўтараў дасылаць свае мастацкія і публіцыстычныя творы, а таксама далучацца да будучай літаратурнай майстэрні.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя. Бабруйск.

Фота аўтаркі