Літаратурныя сустрэчы ў Наваградку і Дзятлаве



У Наваградскай і Дзятлаўскай раённых бібліятэках адбыліся сустрэчы чытачоў з гарадзенскімі пісьменнікамі. З Гародні ў Наваградак завіталі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, Ала Нікіпорчык, Аляксей Пяткевіч, Янка Трацяк, Уладзімір Хільмановіч, да якіх далучыліся наваградскія літаратары Міхась Зізюк і Святлана Абдулаева. А ў Дзятлаве да пісьменнікаў завітаў і Сяргей Чыгрын са Слоніма.

Гарадзенскія літаратары найперш прэзентавалі гадавік пісьменнікаў Гарадзеншчыны “Новы замак”, а потым знаёмілі прысутных са сваімі новымі творамі. Асабліва шмат апладысментаў заслужылі літаратурныя пародыі, сатырычныя мініяцюры і лірычныя вершы.

Шчырае слова пра пісьменнікаў распавёў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка. З літаратурнымі справамі Дзятлаўшчыны і планамі па захаванню літаратурна-краязнаўчай спадчыны Дзятлаўшчыны цікава распавёў мясцовы грамадскі актывіст Валерый Петрыкевіч. Падчас сустрэч пісьменнікі адказалі на шматлікі пытанні чытачоў, а таксама падаравалі для бібліятэк шмат новых кніг літаратараў Гарадзеншчыны.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак-Дзятлава Фота аўтара.