„Лямцавая батлейка” з прэм’ерай спектакаля пра Біла з Болаю



У Гародні прайшоў прэм’ерны паказ спектакля „Лямцавай батлейкі” паводле “Суперкнігі пра Біла з Болаю”. Тэма цярпімасці і павагі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўзнятая аўтаркай кнігі, шведскай пісьменніцай Гунілай Бэрґстрэм.

Спектакль пастаўлены як інтэрактыўнае ўзаемадзеянне гледачоў і актораў.

Кажа актрыса Вераніка Фаміна:

– Для нас важна было паказаць, што чытанне кнігі – гэта можа быць інтэрактыўным спектаклем. Але ўсё ж такі для нас асноўным было менавіта чытанне. І мы чытаем кнігу, мы гартаем яе старонкі, і мы толькі пачалі яе чытаць першую частку. І прапануем далей самім гледачам працягнуць чытанне, і можа для бацькоў гэта таксама прыклад, што чытанне можна зрабіць вясёлым, інтэрактыўным, нейкім незвычайным.

На прэм’ерны паказ спектакля ў Гародню прыехала амбасадар Каралеўства Швецыі Крысціна Ёхансан. Яна актыўна падтрымлівае ініцыятыву беларускіх перакладчыкаў і пісьменнікаў у пашырэнні літаратурных твораў Швецыі па-беларуску.

Пра вопыт Швецыі кажа амбасадар Крысціна Ёхансан:

 – Ведаю, што на тэрыторыі Беларусі працавала шмат беларуска-шведскіх праектаў, у тым ліку накіраваныя на сацыялізацыю дзяцей і людзей з дзяржаўных устаноў. І я ведаю, што ёсць добры, напрацаваны вопыт. Самае галоўнае, каб улічвалі правы кожнага прадстаўніка нашага грамадства. Каб была прадстаўлена месца для кожнага.

Сацыялізацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Швецыі можа быць добрым узорам для пераймання. Пра гэта ведае кожны, хто мае ў сям’і інваліда з дзяцінства. „Лямцавая батлейка” ў Гародні правяла два паказы-чытанні шведскай беларускамоўнай кніжкі: першы – у Дзіцячым Хоспісе, другі – у зале на вуліцы Будзёнага 48А.  

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара