Лявон Вольскі падлічыў, колькі не быў дома



Герой беларускага року са стажам Лявон Вольскі падлічыў, колькі ня быў дома, зрабіў рэтраспэкцыю ў найноўшую гісторыю краіны, ацаніў цяпершчыну і патлумачыў, чаму перанёс тур па Польшчы.

Лявон Вольскі

РР: Ці падлічвалі, колькі Вы ўжо месяцаў знаходзіціся па-за Беларуссю? Ці не паставілі Вы рэкорд знаходжання па-за Радзімай?

– Не, не паставіў. Дзесці паўгады знаходжуся, не так ужо і шмат насамрэч.

РР: Ці акліматызаваліся, як пачуваецеся? Я разумею, што знаходзіцца ў Менску вельмі напружана зараз.

– Летась мы ездзілі на месяц у Варшаву, былі таксама ў Вільні некалькі тыдняў. Так што нельга сказаць, што толькі ў Менску сядзелі. А потым дзесці з годзік пасядзелі там так шчыльна. Я не магу сказаць, што гэта эміграцыя, мы збіраемся так наездамі бываць. Пакуль проста не атрымалася ў нас.Цяпер, безумоўна ўсе адгаворваюць, каб яшчэ пасядзець, у тым ліку і тыя, хто «там». Маўляў, не так усё спакойна. Але мы таксама чытаем навіны, здаецца, што нас гэта не павінна дакрануць.

РР: Многія Вашыя старыя калегі з’ехалі. З апошніх – Аляксандр Памідораў нядаўна ў Варшаву перабраўся.

– Я чуў пра гэта, яшчэ яго не бачыў, але хутчэй за ўсё сустрэнемся. Можа падумаем нешта там разам зрабіць, па старой памяці. Трэба аднаўляць старыя кантакты.

РР: І старыя праэкты, можа «Народны Альбом»?

– Ну нешта такога тыпу. Насамрэч, гэты досвед сядзення ў Менску ў такім падважаным стане досыць негатыўны. Бо там нічога, хацеў сказаць, не адбываецца, але ў гэтым выпадку гэта акурат добра. Але горш тое, што ніякіх канцэртаў у такой сітуацыі. Пра якую працу творчую ці музычную можна зараз гаварыць? Гэта наогул смешна.

РР: Кажуць, што там засталося літаральна дзве пляцоўкі, і граюць там пераважна кавер-бэнды.

– Слухайце, ну так было ўсё жыццё апошнія некалькі дзясяткаў гадоў. Былі RePublic і «Графіці». Хто хоча больш – то нейкі Прайм-холл. Ён цяпер, як я разумею, таксама зачыніўся для альтэрнатыўных музыкаў. Больш нічога і не было.

РР: Нейкія дробныя лакацыі, на той жа «Кастрычніцкай» віравала такое жыццё.

– Мы там гралі канцэрты, але гэта нельга назваць менавіта канцэртовым клубам. Гэта ж проста была па-сутнасці вуліца, дзе дазволілі граць.

Цалкам размова:

Першы канцэрт у межах туру Лявона Вольскага па Польшчы пройдзе 4 лютага ў Гданьску, далей у графіку значацца Познань, Кракаў і Варшава.

Беларускае Радыё Рацыя