Магдалена Радзівіл – мецэнатка беларускага адраджэння



Без матэрыяльнага фундамента беларускае і духоўнае адраджэнне пачатку 20 стагоддзя існаваць наўпрост не магло. Яно трымалася на тых людзях, якія ахвяравалі ўласныя сродкі на друкаванне кніг і газетаў, пабудову касцёлаў і школаў. Адной з такіх мецэнатак была Магдалена Радзівіл, якая лічыла сябе беларускай і менавіта так публічна пазіцыянавала сябе. „Я грошай для маіх беларусаў не шкадую,” – так не раз казала Магдалена, па ўспамінах сучаснікаў. А грошай для „сваіх” беларусаў княгіна сапраўды не шкадавала: менавіта на яе сродкі друкаваліся першыя беларускія газеты і кнігі, пашыралася выдавецкая дзейнасць. У яе маёнтках працавалі беларускія школы для вясковых дзяцей, яна адкрывала прытулкі для сірот і шпіталі для параненых і хворых падчас Першай сусветнай вайны, ахвяравала вялізныя сродкі на святыні і рэлігійную дзейнасць.

Магдалена Радзівіл (здымак з архіва Глеба Лабадзенкі)

Магдалена нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Ахрышчана дзяўчынка была ў каталіцтва. А пры хросце атрымала імя „Марыя Магдалена”. Яе бацька Ян Казімір Завіша паходзіў са знакамітага беларускага шляхецкага роду герба Лебедзь, у свой час быў вядомым навукоўцам-гісторыкам, археолагам, які даследаваў каменны век, збіраў памяткі беларускай даўніны. Цэнтрам яго спадчынных земляў быў палац у Кухцічах (цяпер пасёлак Першамайск) у тагачасным Ігуменскім павеце. Любоў да Беларусі ад бацькі перадалася і Магдалене. Бацька быў для яе ўзорам служэння высокім ідэалам патрыятызму, сумленнасці, дабрачыннасці. Менавіта Магдалене ў спадчыну і адыйшлі пасля смерці Яна Завішы бацькоўскія маёнткі Кухцічы і Жорнаўка на Меншчыне.

У 1904 годзе ў Англіі Магдалена пазнаёмілася з князем Мікалаем Вацлавам Радзівілам – прадстаўніком берлінскай галіны найвядомейшага беларускага магнацкага роду. Нягледзячы на тое, што князь Мікалай быў збяднелым прадстаўніком роду, ён вызначыўся гераізмам у руска-японскай вайне (пад Порт-Артурам) і быў узнагароджаны ордэнам св. Уладзіміра, сапраўдны рыцар краю, які дакажа гэта ўласным жыццём. Будучы літвінам (беларусам) з паходжання, ён цікавіўся беларускім фальклорам, народнымі традыцыямі, меў чуласць да іх носьбітаў – сялянаў, і гэтым таксама не мог не заваяваць сэрца Магдалены.

Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце (Магдалена была старэйшая за Мікалая на 19 гадоў), у 1906 годзе ў Лондане адбыўся шлюб Мікалая і Магдалены. Іх асуджалі ў варшаўскіх салонах, для іх зачыніліся дзверы ўсіх арыстакратычных польскіх дамоў і клубаў. Але гэта не спалохала маладых сужонкаў, аднадумцаў па духу: у іх была Беларусь, былі Магдаленіны землі з маёнткамі, якія чакалі сваіх гаспадароў. Магдалена аформіла ў валоданне Мікалая родавы маёнтак у Кухцічах, а ён найперш заняўся пабудовай чыгункі, каб злучыць беларускую глыбінку з цэлым светам, стварыць умовы для развіцця прамысловасці краю. Дбаў ён і пра лясную гаспадарку ў сваіх уладаннях, спрыяў увядзенню новых тэхналогій у земляробстве.

Маёнткі Радзівілаў прыносілі немалы даход, значная частка якога ішла на дабрачынныя справы. Магдалена фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы. Магдалена Радзівіл падтрымлівала газету «Biełarus» (1913—1916), якая сваімі кансерватыўнымі поглядамі складала ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху ідэалагічную канкурэнцыю беларускамоўнай газеце «Наша Ніва», якая мела сацыялістычны ўхіл. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Пры фінансавай падтрымцы Магдалены быў выдадзены першы беларускі малітоўнік для набажэнстваў „Бог з намі”. Знакам падзякі Магдалене за яе мецэнацкую дзейнасць была выява Лебедзя – герба роду Завішаў, якую змяшчалі выдаўцы на тытульных аркушах кніг, друкаваных на грошы княгіні. А гэта былі знакавыя для беларускай літаратуры кнігі: „Вянок” Максіма Багдановіча (1913), „З роднага загону” Андрэя Зязюлі (1913), „Рунь” Максіма Гарэцкага (1914), „Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Якуба Коласа, 1914), „Курганная кветка” Канстанцыі Буйло (1914), „Васількі” Ядвігіна Ш. (1914).

Дабрачынную беларускую дзейнасць Магдалены Радзівіл не перапынілі ні Першая сусветная вайна, ні заўчасная гібель яе каханага мужа. Магдалена спрыяла адкрыццю дзіцячых прытулкаў і шпіталяў. Яна залажыла ў Мінску дабрачыннае таварыства „Літасць” для дапамогі сем’ям пакліканых у войска. У сваіх уладаннях княгіня адчыніла некалькі беларускіх пачатковых школ для сялянскіх дзяцей (выкладалі ў іх, між іншым, сёстры Канстанцыі Буйло). Яшчэ ў даваенны час яна таксама шчодра выдат-коўвала сродкі на стыпендыі для студэнтаў-беларусаў, асабліва для тых, хто ішоў вучыцца ў духоўныя семінарыі.

Справа духоўнага адраджэння Беларусі была таксама адной з найважнейшых для Магдалены Радзівіл. Яна сама была шчырай верніцай-каталічкай, прыхільніцай усходняга абраду iрупілася аб пабудове грэка-каталіцкай царквы ў Менску, але не атрымала на тое дазволу гарадскіх уладаў; пасылала грошы на набыццё беларускіх кніг для Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася цэлая грамада будучых беларускіх святароў. Урэшце, змушаная да выезду за мяжу ў 1918 годзе, яна ахвяравала на пабудову Беларускага калегіума ў Рыме каштоўнае брыльянтавае калье, аднак здзейсніць гэты план княгіні, як вядома, беларускім святарам не ўдалося. Але за кошт гэтага калье развіваўся кляштар беларускіх марыянаў у Друі. У 1918 годзе горача падтрымала стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасля заняцця Менска бальшавісцкімі войскамі Магдаленавыехала ў Варшаву. У 1919 спрабавала вярнуцца ў Менск, але атрымала адмову новых уладаў. Змяніўшы некалькі месцаў жыхарства, у 1932 прыехала ў Фрыбург (Швейцарыя), адкуль працягвала падтрымліваць некаторыя беларускія суполкі. Памерла 6 студзеня 1945 года там жа, у кляштары дамініканак. Пахаваная ў Фрыбургу.

Цікава, што імемМагдалены Радзівіл названа адна з новых уздзенскіх вуліц. А напрыканцы 2014 года, у былых Кухцічах, каля Узды, была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар мужа Магдалены Мікалая Радзівіла.На прэс-канферэнцыі ў Мінску з нагоды 155-годдзя са дня нараджэння мецэнаткі прадстаўнікі роду Радзівілаў выказалі пра намер перавезці прах Магдалены ў Мінск. Таму, мажліва, што у хуткім часе Магдалена вернецца на Радзіму, каб назаўжды застацца ў сценах Чырвонага касцёла.

„Магдалена Радзівіл” (карціна мастака Андрэя Мікалаева)

bchd.info