Магілёўскаму паэту Сяргею Украінку – 60



25 студзеня беларускаму паэту, даследчыку роднай літаратуры і педагогу з Магілёва Сяргею Украінку споўнілася 60.

Родам Сяргей Украінка з Быхаўшчыны. Калі вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце на філалагічным факультэце, быў актыўным сябрам універсітэцкага літаб’яднання “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Яго вершы трапілі ва ўніверсітэцкія выданні “Вусны” і “Квадра”. Ужо тады паэт марыў у жыцці знайсці дзівасіл, які некалі шукаў Купала:

Трымцеў гарачы небасхіл,

Рака світала,

Я ў бор ішоў. Там дзівасіл

Шукаў Купала…

Пад ціхі шчогат салаўя,

У сэрцы бору

Хацеў, хацеў знайсці і я

Той ліст і корань…

Пасля ўніверсітэта Сяргей Украінка вярнуўся на родную Магілёўшчыну. Працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры, дырэктарам школы, выкладчыкам, старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры Магілёўскага ўніверсітэта імя А.Куляшова…

З друку выйшлі два арыгінальныя зборнікі вершаў “Маё Купела” і “9 гранаў”. Багатая вобразнасць, метафарычнасць, сімвалізм – адметныя рысы ўсёй паэзіі Сяргея Украінкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя