Магілёўскія сацыял-дэмакраты прэзентавалі эскіз помніка Цішку Гартнаму



У Магілёве 4 лістапада члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ушанавалі памяць літаратара і дзяржаўнага дзеяча БССР Цішкі Гартнага (Зміцер Жылуновіч) у 130-гадовую гадавіну з дня яго нараджэння.

Ушанаваць памяць беларускага сацыяліста пачатку ХХ стагоддзя да памятнага знака ў выглядзе металічнага крыжа ў лесе ля былой псіхіятрычнай бальніцы прыйшлі чацвёра актывістаў БСДП (Грамада). Яны ўсклалі кветкі і запалілі свечкі на меркаваным месцы пахавання Гартнага. Расказваючы пра першага прэм’ера савецкай Беларусі, першы намеснік старшыні партыі Ігар Барысаў прэзентаваў эскіз помніка Гартнаму.

У красавіку 2016 года Барысаў звярнуўся да магілёўскіх уладаў з ініцыятывай увекавечыць імя Цішкі Гартнага ў абласным цэнтры — усталяваць яму помнік і назваць яго імем сквер у горадзе. У жніўні 2016 года гарадская тапанімічная камісія падтрымала ідэю ўстаноўкі такога помніка. 13 ліпеня 2017 года Барысаў падаў горадабудаўнічай радзе эскіз бюста Гартнага, які распрацаваў магілёўскі мастак Васіль Камароў. Члены савета падтрымалі ідэю ўшанавання памяці дзяржаўнага дзеяча, але прапанавалі, улічваючы значнасць асобы, распрацаваць канцэпцыю скульптурнай кампазіцыі ў поўны рост на бульвары Леніна пры яго найбліжэйшай рэканструкцыі.

„Згодна з парадай Васіля Камарова я звярнуўся да магілёўскага скульптара Уладзіміра Конанава. Конанаў быў супраць бюста, бо іх і так шмат у Магілёве. Ён прапанаваў аб’ект „Дрэва Цішкі Гартнага”, — расказаў Барысаў, прэзентуючы прысутным эскіз манумента. Паводле яго слоў, на эскізе адлюстраваная трохметровая канструкцыя шырынёй больш за метр. Унізе манумента знаходзіцца пісьмовы стол, з якога як бы вырастае ствол — гэта ідэі, у якія верыў Гартны. у сярэдзіне ствала — аркушы паперы з яго фразамі, наверсе — кроны дрэва, дзе лісце мае выгляд свечак.

„Скульптар лічыць, што такі аб’ект стане архітэктурнай адметнасцю горада і будзе прыцягваць увагу. Калі ўлады зацвердзяць эскіз, скульптар зробіць паменшаную копію будучага манумента”, — сказаў Барысаў, адзначыўшы, што найбліжэйшым часам эскіз будзе перададзены ў Магілёўскі гарвыканкам.

Паводле яго слоў, пасля ўсіх неабходных зацвярджэнняў пачнецца збор сродкаў на стварэнне і ўстаноўку помніка. Барысаў паведаміў, што гарвыканкам плануе ў 2018 годзе зрабіць рэканструкцыю бульвара Леніна, і месца для помніка можа быць зарэзерваванае. „І наступным крокам магло б стаць перайменаванне гэтага бульвара ў бульвар Цішкі Гартнага”, — заявіў Ігар Барысаў.

Цішка Гартны (1887—1937) — беларускі савецкі пісьменнік, рэдактар, кіраўнік Часовага рабоча-сялянскага ўрада Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (01.01.1919—03.02.1919). Некалькі месяцаў ў 1917 годзе ўзначальваў Беларускую сацыялістычную Грамаду. У 1927 годзе з групай беларускіх пісьменнікаў спрабаваў арганізаваць усебеларускую федэрацыю пісьменнікаў і паэтаў. Аўтар першага беларускага рамана „Сокі цаліны”. Паэт, драматург, крытык. 15 лістапада 1936 года быў арыштаваны. У турме яго абвясцілі псіхічна хворым, у сувязі з чым перавялі ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе ён памёр 11 красавіка 1937 года. Паводле некаторых звестак, скончыў жыццё самагубствам. 15 кастрычніка 1955 года быў рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах, у 1988 годзе адбылася поўная палітычная рэабілітацыя.

belapan.com