“Малпоўнік” ды іншыя гісторыі” з жыцця простага чалавека



У Віцебску адкрылася выстава Малгажаты Дзмітрук, беларускай мастачкі з Падляшша. Яна асабіста прадставіла віцебскім гледачам некалькі цыклаў  сваіх прац, адзін з якіх – “Малпоўнік”, або “Малпін гай” ” („Małpi gaj”)  –  і даў назоў усёй выставе.

“Малпоўнік” – гэта гісторыя –комікс, якая складаецца  з 40 літаграфій, якія адлюстроўваюць штодзённае чалавечае жыццё –  дзяцінства, сталенне, каханне, адносіны ў сям’і  і побыт малога мястэчка, часам абсурдны, а часам глыбока сімвалічны. Сюжэты пра жыццё простага  чалавека – гэта і цыкл “Кахаць”, прысвечаны сялянскаму побыту. І некалькі інсталяцый вырабаў з тэкстылю – гэта таксама пра жыццё ў розных яго праявах.

Гэтую выставу ў Віцебску чакалі яшчэ летась, але атрымалася прывезці яе толькі цяпер. Мастачка таксама з нецярплівасцю чакала гэтага візіту. Па-першае, таму, што ніколі раней не бывала ў Віцебску, хаця два гады жыла і вучылася ў Мінску. Па-другое, яе заўжды захапляла мастацтва Марка Шагала, кажа Малгажата Дзмітрук:

– У Віцебску я ўпершыню. Вельмі хацела ўбачыць, паглядзець, наведаць музей Марка Шагала. Ведаеце, на пачатку майго шляху і ўсёй маёй прыгоды з мастацтвам Марк Шагал быў для мяне вельмі важным чалавекам –  у сэнсе ягонай працы.Я сачыла, што ён маляваў, якія тэмы закранаў, у якіх тэхніках працаваў. Для мяне гэта было вельмі важна, таму дужа  хацела сюды прыехаць.

Жыхары Віцебску маюць магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй і побытам Падляшша , адкуль паходзіць мастачка. Выстава твораў Малгажаты Дзмітрук будзе экспанавацца ў Віцебску да 14 красавіка. Яна праводзіцца дзякуючы падтрымцы Польскага Інстытуту ў Мінску.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск