Маргарыта Кубенкевіч пра гурт „Яварына”, фольк і Польшчу



Каляды – чароўны час, калі нацыянальныя асаблівасці кожнай краіны праяўляюцца найбольш ярка. Шмат год у Беларусі ў гэты перыяд ладзіліся тэматычныя фэсты, на якіх гучала фолк-музыка, вадзіліся карагоды, а пераапранутыя ў мядзведзяў, коз, трусоў і іншых лясных герояў госці атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад святаў.

Але два гады як правядзенне такіх фэстаў у краіне спыненае. Арганізатары імпрэз не атрымліваюць ад уладаў дазвол на гэтыя мерапрыемствы, а беларускія музыкі ўсё часцей з’язджаюць з Радзімы і ўжо на новым месцы спрабуюць наладзіць жыццё, у тым ліку і творчае.

Такі ж лёс чакаў і прадстаўнікоў беларускага тэатра сярэднявечнай культуры „Яварына” – актыўных удзельнікаў калядных імпрэз, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаве. Пра фолькавы рух цяпер, камунікацыю з польскімі калегамі і, безумоўна, магічны зімова-святочны час мы паразмаўлялі з кіраўніком і барабаншчыцай тэатра Маргарытай Кубенкевіч.

РР: Як фольк-кантакт атрымліваецца паміж дзвюмя краінамі?

– Кантакт атрымоўваецца. Справа ў тым, што зараз шмат зроблена і беларусамі і палякамі для таго, каб аднаўляць беларускую культуру, каб развіваць беларускі фольк. Для гэтага арганізуецца шмат розных мерапрыемстваў, імпрэз, сімбіёз ёсць, праца ідзе.

РР: Дзе табе больш камфортна надаваць гэтую беларушчыну?

Асабіста мне канешне цікава гэта рабіць у сваёй краіне, але жыццё паказвае, што можна рабіць і ў Польшчы таксама. Ёсць людзі, якія заахвочаныя беларускай культурай, беларускім фолькам, існуюць і жывуць тут у Польшчы.

РР: Зараз музыкі гурта „Яварына” знаходзяцца ў Польшчы?

– Так, зараз у Варшаве знаходзяцца прадстаўнікі. Зміцер Шыманскі – гэта дуды, і я Маргарыга Кубенкевіч – гэта барабан.

РР: Можна сказаць, што вы неяк па іншаму адчуваеце тут адно аднаго?

– Не, нічога іншага. Таксама, як у Беларусі. Такая ж музыка, такія ж людзі, таксама хочуць танчыць і добра бавіць час.

РР: Над чым вы зараз працуеце?

Мы робім праекты, каб выступаць у розных гарадах. Гэта праграма звязана з традыцыяй беларускай культуры, з музыкай, якая накіравана на развіццё беларускай культуры не толькі ў Варшаве, але і іншых месцах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:


„Беларускае Радыё Рацыя” далучаецца да навагодне-калядных віншаванняў і жадае, каб ва ўсіх людзей заўсёды была магчымасць вярнуцца дадому!

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя