Масленіца ў Гомелі



Танцамі, песнямі і карагодамі адзначылі масленіцу ў Гомельскім філіяле Веткаўскага музея. Гэтым разам ахвотныя маглі спрычыніцца да этапу вырабу хатняга масла ў маслабойцы. А потым паспрабаваць яго з блінамі.

Загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка гаворыць, што вечарына – гэта спроба зрабіць традыцыйную культуру сучаснай.

У нас была і лекцыя, якую можна назваць нават акадэмічнай – яе чытала супрацоўніца Акадэміі навук, і было ўзбіццё масла, якое не з’яўляецца масленай традыцыяй, але актуальнае для гарадскога насельніцтва, бо яны, можа, і не бачылі, як тое масла і з чаго робіцца. Таму ў маслабойцы з вясковай смятаны робім масла. Гэта і традыцыйныя танцы, спевы, і карагод “Перапёлачка”, які вельмі вобразны і характэрны для Гомельшчыны.

Масленіца – свята провадаў зімы. Пасля масленічнага тыдня пачынаўся Вялікі пост, які цягнуўся да Вялікадня.

«Масленіца – цалкам беларуская традыцыя,” – лічыць супрацоўніца Акадэміі навук Алена Ляшкевіч. Паводле даследчыцы, гэтае свята мае самыя розныя лакальныя варыянты. Напрыклад, на Гомельшчыне на Масленіцу пачыналі гукаць вясну.

Мы не можам сказаць для ўсёй Беларусі, што такое Масленка, бо яна разнастайная ў сваіх лакальных праявах. Вось цэнтральная і заходняя Беларусь – гэта жаночыя містэрыі. Збіраліся замужнія жанчыны, якія спраўлялі гэтыя містэрыі без мужчын. Напрыклад, ёсць сведчанні мужчыны з Астравецкага раёна, што калі нейкі мужчына падглядаў, то яго маглі нават пакалечыць. На поўдні Беларусі на Масленку ўжо гукалі вясну. Гэта, бадай, галоўная асаблівасць. Па ўсёй усходняй Беларусі, у тым ліку на Гомельшчыне, фіксуецца спальванне пудзіла. На поўночна-ўсходняй Беларусі – гэта пахаванне пудзіла.

Даследчыца Алена Ляшкевіч распавяла, што на Гомельшчыне на Масленіцу, акрамя традыцыйных бліноў, выпякалі печыва ў форме птушак. Таксама на Масеніцу было прынята ўпрыгожваць елку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель