“Мастак. Вяртанне ў Віцебск”



У віцебскім тэатры “Лялька” адбылася прэм’ера спектакля пра Марка Шагала – сусветна вядомага мастака, які нарадзіўся ў Віцебску. Гэта не першы спектакль для дарослых, пастаўлены ў лялечным тэатры, але ўпершыню ў цэнтры ўвагі апынулася такая значная, асабліва для Віцебска, постаць, як Марк Шагал.

Жанр спектакля вызначаны як “Рэмінісцэнцыі рro domo sua ( “у абарону самога сябе”, лат.). Падзеі, якія глядач бачыць на сцэне, суадносяцца з віцебскім перыядам у жыцці мастака. Строга кажучы, такіх перыядаў было два: дзяцінства і юнацкія гады маладога мастака, які толькі вучыцца і марыць пра самастойную творчасць, і ягоны прыезд у 1918 годзе, калі Марк Шагал ужо атрымаў прызнанне ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы, але вярнуўся ў Віцебск, спадзеючыся на новыя перспектывы. Ён бачыў іх у паўставанні новых відаў і жанраў выяўленчага мастацтва, якое пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. пачало адмаўляцца ад рэалізму.

Марк Шагал стварыў у Віцебску мастацкую вучэльню, адкуль выйшла шмат мастакоў з сусветна вядомымі імёнамі. Аднак у 1922 годзе ён пакінуў Віцебск назаўжды, паехаўшы спачатку ў Берлін, а потым у Парыж, які стаў называць сваім “другім Віцебскам”.

На думку рэжысёра спектакля, мастацкага кіраўніка тэатра Віктара Клімчука, Марк Шагал больш не вярнуўся ў Віцебск, бо з’ехаў адсюль глыбока пакрыўджаным:

Чаму ён не прыехаў, я разумею. Я таксама б не прыехаў! Ён думаў, што яго авангарднае мастацтва будзе даспадобы новай уладзе, як усё новае! Ён імкнуўся быць прызнаным, быць сваім, каб сказалі: “Гэта наш Шагал!” Мне шкада яго! Было многа вучняў, многа працы, і ніхто не думаў, калі ж ён будзе маляваць свае карціны. А так, як ён, ніхто не маляваў! Калі нехта кажа, што “я таксама так магу”, то чаму ж вы не малявалі так?

Роля Марка Шагала была даверана акцёру Юрыю Франкову. З лялькай, што ўвасабляе мастака, яму давялося перажыць самую рамантычную частку жыцця свайго героя, асветленую каханнем з ягонай музай – Бэлай (акцёрка Марына Марозава). І самую нялёгкую, звязаную з пакутамі творчасці і развітаннем з Радзімай. Таму і працаваць над вобразам было цяжка, а яшчэ – вельмі адказна, кажа Юрый Франкоў:

-Цяжка, бо вы разумееце: у нас у горадзе столькі музеяў, столькі даследчыкаў творчасці Марка Шагала. Якія ў іх будуць уражанні? Бо ў нас свой Шагал, і ў мяне – уласнае разуменне гэтай ролі. Хочацца, каб ва ўсіх было добрае ўражанне – і не толькі ад спектакля, а і ад самога Шагала.

Ці надоўга будзе гэтае “вяртанне” мастака ў родны горад, дзе творчасць Шагала і дагэтуль камусьці падаецца незразумелай і прымітыўнай, прадказаць немагчыма. Лялечныя спектаклі для дарослых маюць сваю спецыфіку: іх рэпертуараў няшмат, і паказваюць іх не так часта, як дзіцячыя. Творчы калектыў “Лялькі” спадзяецца на прызнанне і запатрабаванасць гэтай пастаноўкі ў гледачоў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

[manual_related_posts]