„Мастэктамія” Кацярыны Чэкатоўскай



„Гэта праблема ўсяго беларускага грамадства, а не толькі ахвяраў”, – кажа пра дамаганні аўтарка драмы „Мастэктамія” Кацярына Чэкатоўская. Тэкст паўстаў на падставе ўласнага досведу і размоваў з іншымі жанчынамі, якія штодзень сутыкаюцца з мужчынскімі дамаганнямі на вуліцы, у грамадскім транспарце, а таксама дома. Гераіня „Мастэктаміі” рашаецца на драматычны крок – выдаленне грудзей, каб пазбавіцца ад гэтай праблемы.

Як кажа Кацярына Чэкатоўская, падобныя сітуацыі з дамаганнямі перажываюць жанчыны штодзень і ў большасці выпадкаў застаюцца безабароннымі – нават калі гэта адбываецца публічна:

– У яе няма ніякіх спосабаў паўплываць на тое, каб падобныя сітуацыі не здараліся ў прынцыпе. То бок нават калі ў дадзенай сітуацыі нехта распускае рукі, ты на яго крыкнеш, нешта зробіш, то гэта не ўберажэ цябе ад таго, што заўтра ты паедзеш у гэтым аўтобусе, нехта іншы не будзе распускаць рукі. То бок для таго, каб паўплываць на гэту сітуацыю, трэба змагацца сістэмна, уносіць гэту тэму ў грамадства.

Як кажа аўтарка „Мастэктаміі”, на жаль у грамадстве жыве меркаванне, што гэта прыватная справа жанчыны да якой дамагаюцца. Безабароннасць у такіх сітуацыях прыводзіць гераіню драмы да скрайнасці:

– Ва ўсіх сітуацыях ахвярамі робяцца жаночыя грудзі. Для таго, каб не было непрыемных сітуацый з гэтымі грудзьмі, проста трэба ад іх пазбавіцца – няма грудзей, няма праблем. 

Аўтарка „Мастэктаміі” Кацярына Чэкатоўская драматург, акторка Лабараторыі сацыяльнага тэатру. У новым тэатральным сезоне запланавана публічнае чытанне тэксту драмы, магчыма будзе пастаўлена п’еса.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя