Маўклівы сведка трагічных падзей ХХ стагоддзя



Гадоў пяць-сем таму на Піншчыне, дзе захаваліся ўнікальныя вайсковыя фартыфікацыйныя збудаванні Першай Сусветнай вайны, абмяркоўвалася пытанне, каб з гэтых аб’ектаў стварыць гістарычны комплекс. У планах, музей пад адкрытым небам, даваў бы сучаснікам нагляднае прадстаўленне пра падзеі Першай Сусветнай на беларускім Палессі.

Ініцыятыву актыўна прасоўвала Таццяна Хвагіна, экскурсавод, адзін з вядучых спецыялістаў турыстычнай галіны. Яна нават распрацавала адмысловы турыстычны маршрут, які складаецца з 17 кропак, ахоплівае вялікую тэрыторыю Пінскага раёна. З кастрычніка 1915 года па восень 1918 года Піншчыну падзяляла лінія фронту. З расейскага боку тут служылі паэты Мікалай Гумілёў, Аляксандр Блок, у камандзіроўкі прыяжджаў тады вайсковы карэспандэнт Аляксей Талстой. З восені 1916 па вясну 1917 года на фронце ,сярод пінскіх балот, быў і беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Максім Гарэцкі.

Асаблівую цікавасць выклікае вялізнае нямецкае збудаванне, якое захавалася ў вёсцы Парэчча ў лесе на заходнім беразе Ясельды. Гэта артылерыйскае і складское сховішча. Вялікі склад боепрыпасаў знаходзіўся ў глыбокім тыле нямецкай абароны. А’ект з’яўляецца адным з найбуйнейшых фартыфікацыйных пабудоў такога тыпу, створаных нямецкімі інжынерамі не толькі ў Пінскім раёне, але і ў Беларусі. Сховішча ўяўляе сабою некалькі прасторных залаў, якія звязаны двума калідорамі, што ідуць па тарцах бункера.

Акрамя таго, як адзначае краязнаўца Эдвард Злобін – у Парэчча захавалася адныя з найвялікшых гарнізонных могілак перыяду Першай Сусветнай вайны. З 1915 па 1917 год тут хавалі нямецкіх жаўнераў рэзервовых пяхотных палкоў: палявой артылерыі, санітарнай роты, мінамётнай роты ды рэзервовай сапёрнай роты. Частка воінскіх пахаванняў знаходзіцца бліжэй да цэнтру грамадзянскіх могілак. Дагэтуль з трох бакоў праглядаецца земляны вал, а ў цэнтры ўзвышаецца помнік пабудаваны з цэглы. У яго нішы змешчаны часткова пашкоджаны металічны тэўтонскі крыж, бачныя металічныя таблічкі з надпісам „Нашым героям”. Сярод нямецкіх воінскіх надмагілляў ёсць пліты расейскіх салдат. Большасць пахаваных – невядомыя.

Гэтыя пахаванні – пераважна шпітальныя. Усяго каля 170 бетонных надмагілляў. У некаторых магілах пахавана па 2-3 чалавекі, таму агульная колькасць пахаваных нямецкіх і расейскіх жаўнераў складае блізка 200 чалавек. У 2019 годзе раённыя камунальнікі ўсталявалі металічны крыж і шыльду з надпісам: “Тут пахаваны воіны, якія загінулі ў гады Першай Сусветнай вайны”.

Нажаль ініцыятыва пінскіх аматараў даўніны па стварэнню музейнага комплекса прысвечанага падзеям 1915-1918 гадоў не дайшла да рэалізацыі. Сёлета, да 103-й гадавіны завяршэння Першай Сусветнай, прадстаўнікі мясцовых пошукавых гістарычных клубаў пазначылі “парэцкі бункер” шыльдачкай з надпісам па-беларуску і па-нямецку: “Фартыфікацыйнае артылерыйска-складское збудаванне перыяду Першай Сусветнай вайны (1916 год)”. Наўрацці гэта можна назваць нават падзеяй, а тым больш зрухам у справе, магчыма ініцыятыва чакае лепшых часоў.  

Бункер добра схаваны. Нават не кожны вясковы жыхар зможа паказаць выхад на яго, фота аўтара.
Бункер добра схаваны. Нават не кожны вясковы жыхар зможа паказаць выхад на яго, фота аўтара.
Уваход у сховішча. Па правы бок нават праглядаецца рэшка надпісу па-нямецку. Нягледзячы на моц інжынернай задумкі, але гады ўся роўна бяруць свае, павольна разбураюць рэха вайны, фота аўтара.
Уваход у сховішча. Па правы бок нават праглядаецца рэшка надпісу па-нямецку. Нягледзячы на моц інжынернай задумкі, але гады ўся роўна бяруць свае, павольна разбураюць рэха вайны, фота аўтара.
Без успышкі здымача адчуваеш сябе вельмі неўтульна, фота аўтара.
Калідоры бункера-сховішча. Знаходзячыся ўнутры адчуваецца напружаная атмасфера, уяўляеш, як тут неслі дзяжурства кайзераўскія жаўнеры, фота аўтара.
Калідоры бункера-сховішча. Знаходзячыся ўнутры адчуваецца напружаная атмасфера, уяўляеш, як тут неслі дзяжурства кайзераўскія жаўнеры, фота аўтара.
Памяшканне для захоўвання артылерыйскіх снарадаў, фота аўтара.
Пры ўваходзе ў бункер, па правы бок бачна, што хтосьці спрабаваў прабіць муры. Жыхары Парэчча дагэтуль з пакалення ў пакаленне перадаюць гісторыю, што нібы пры адступленні нямецкія афіцэры замуравалі адное памяшканне. Што там, маўляў аніхто не ведае, мо скарбы, мо зброя… Асабліва гэтая інфармацыя інтрыгуе прыезджых, вось і дзяўбуць час ад часу, фота аўтара.
Зверху зямля, кусты і хвоі. Бункер надзейна хаваў боепрыпасы ад расейскіх самалётаў-бамбардзіроўшчыкаў, якія пераляталі за лінію фронту, каб нанесці ўдар па кайзераўскім войскам, фота аўтара.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя