Менскі бізнэсовец аднавіў капліцу 17 стагоддзя



Асвячэнне адноўленай капліцы Святога Яна Хрысціцеля з удзелам гарадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча адбылося на Смаргоншчыне.

За аднаўленне барочнай капліцы ўзяўся прадпрымальнік Франц Жылка, які нарадзіўся побач з Жодзішкамі, дзе ўжо адрэстаўраваў вадзяны млын сваіх продкаў. Млыны – даўняе захапленне спадара Жылкі, якое знайшло сваё адлюстраванне ў грунтоўным выданні “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (выдавецтва “Энцыклапедыкс”, 2021). У кнізе – каля 500 даўніх і сучасных фатаграфій, цікавыя тэхнічныя і гістарычныя дэталі.

Барочная капліца Святога Яна Хрысціцеля знаходзіцца непадалёк ад аграгарадка Вішнева Смаргонскага раёна. Доўгі час яна была ў заняпадзе. Насуперак моцнаму дажджу 27 чэрвеня тут сабралася шмат народу.

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя