Метафізіка і рэальнасць. Алесь Аркуш пра новы раман “Сядзіба”
Алесь Аркуш марыў пра тое, каб паўстаў панятак “полацкая літаратура”, да развою якой далучыўся ў 20-х гадах мінулага стагоддзя Алесь Дудар і “Маладняк”. Цяпер, канстатуе паэт, празаік, эсэіст, выдавец і сталы супрацоўнік нашага радыё, можна смела сказаць, што полацкая літаратура не толькі ёсць, але і даволі добра пачуваецца.
Ды і сам Алесь Аркуш дадае да гэтай скарбонкі чарговыя экспанаты. Пабачыла свет папяровая версія новага рамана літаратара “Сядзіба”. Цікавостка палягае ў тым, што яшчэ да выхаду ў папяровым выглядзе, раман увайшоў у топ-5 самых прадаваных кніг за люты на партале kniharnia.by.
Пра гэта ды іншае ў інтэрв’ю з Алесем Аркушам.
РР: Спадар Алесь. Пачну з цытаты. Хачу звярнуцца да словаў кандыдата гістарычных навук Сяргея Шыдлоўскага, які вашыя два раманы, “Захоп Беларусі марсіянамі” і “Сядзіба”, аднёс да полацкай метагістарычнай прозы. Наколькі вы самі згодныя з такім азначэннем?
– Сяргей Шыдлоўскі – мой даўні знаёмы і сябар, ён уваходзіў у Таварыства Вольных Літаратараў, і шмат друкаваўся ў выданнях ТВЛ. Пазней абраў шлях навукоўца і вывучае культуру беларускай шляхты. Нядаўна ў Полацку адбылася канферэнцыя, дзеля якой Сяргей Шыдлоўскі напісаў даклад пра літаратуру, якая звязаная з Полацкам і аўтарамі-палачанамі, і назваў гэтую літаратуру “полацкай метагістарычнай школай”. Вытокі гэтай літаратуры ён знаходзіць у Сімяона Полацкага, і далей выводзіць гэтую літаратуру на Ластоўскага, на Арлова, і на мяне. Гэта вызначэнне хутчэй гісторыка, чым літаратуразнаўцы.
РР: Але вам асабіста пасуе такое вызначэнне?
– Мне сімпатычна тое, што Сяргей Шыдлоўскі навукова сцвердзіў існаванне полацкай літаратуры. Я заўсёды пра гэта казаў, і для мяне заўсёды была важная такая тэма, як рэгіянальная літаратура, якая ўлічвае асаблівасці, моўныя ды іншыя, якія характэрныя для гэтай мясцовасці, ужываючы мясцовую тапаніміку і герояў. Мне здаецца, што нарэшце вось гэтае акрэсленне “полацкая літаратура” набыло сур’ёзнае гучанне.
РР: Цяпер больш пра ваш раман “Сядзіба”, пра яго метафізічнасць. Вы пішаце, што ўсё ўнікуды не знікае, не знікае ў “невараць”, а існуе недзе ў паралельным свеце, і вось гэтыя прывіды і цены пераплятаюцца з рэальнымі падзеямі. Скуль гэтая метафізічнасць, бо мне здаецца, што апошнім часам у вас яе стала значна больш?
– На прэзентацыі майго рамана “Захоп Беларусі марсіянамі” выступаў Уладзімір Арлоў, які сказаў, што асноўная асаблівасць майго рамана – гэта тое, што ў ім прысутнічае метафізіка, і сказаў, што гэта вельмі ісотна і важна. Мае ранейшыя раманы можна назваць закрытымі, бо чытач мусіў арыентавацца ў некаторых рэчах, ведаць, што такое Таварыства Вольных Літаратаў і шмат чаго іншага. Дык вось чацьвёрты мой раман, “Сядзіба”, ён ужо, можна сказаць, для масавага чытача. Разам з тым, я імкнуўся ў ім гэтую метафізіку з папярэдняга рамана не толькі захаваць, але і значна пашырыць. Дый сам горад Полацак проста набрыняны метафізікай, мітамі, рознымі героямі, прывідамі, ценямі і гэтык далей…
РР: Як і тое месца, дзе стаіць сядзіба…
– Так, і тое месца, дзе стаіць сядзіба, дзе раней быў першапачатковы бернардынскі кляштар, той драўляны, які напачатку пабудавалі ў Запалоцці і дзе, відавочна, і вучыў лацінскую мову Францыск Скарына, бо на той час яму не было больш дзе вучыць мову.
РР: Метафізікі ў вас стала больш, але вы ў сваіх раманах захоўваеце тое, што заўсёды ў іх ёсць навязванне да вашага жыцця, да вашых знаёмых. Таксама і ў “Сядзібе” шмат рэальных постацяў, шмат рэальных падзей…
– Я належу да тых пісьменнікаў, якія не прыдумваюць сваіх герояў. Практычна ўсе мае героі – гэта рэальныя людзі. Я не магу пісаць пра некага прыдуманага. Я мушу ўяўляць гэтага чалавека, мушу чуць яго голас, бачыць міміку, жэсты, як ён рэагуе на пэўныя словы, як ён смяецца нават. І тады, як мне здаецца, герой паўстае рэальным. Не заўсёды падзеі, якія адбываюцца ў рамане з героем, адбываліся насамрэч, але самі героі абсалютна рэальныя.
РР: То бок, полацкі паэт Кастан Навадворскі – гэта рэальны чалавек?
– Абсалютна рэальны. Хоць у многіх падзеях, якія апісваюцца ў рамане, ён і не ўдзельнічаў, але Кастан Навадворскі – гэта адзін з сябраў наваполацкіх “Крыніц”, з якім я разам працаваў у газеце будаўнічага трэста. Таму некаторыя рэчы і гісторыі з рамана – ўсё ж рэальныя.
РР: Кожны аўтар зацікаўлены ў тым, каб кніжка дайшла да чытача. Ведаю, што вы цяпер абіраеце новую стратэгію. І адметна тое, што кніга яшчэ да выхаду ў папяровым выглядзе прадавалася праз электронную кнігарню, і нават паспела трапіць у топ-5 самых прадаваных кніг за люты.
– Так. Апошнім часам адныя тэхналогіі зыходзяць, прыходзяць іншыя. Жыццё ўвесь час набірае хуткасць. Літаратурны працэс і літаратурная “гаспадарка” – таксама змяняюцца. Чытач, якога мы бачым у метро, электрычцы, самалёце, ён дастае свой планшэт. Ён не возіць з сабой дзесяць ці дваццаць кніжак, а мае іх у сваім планшэце. Адсюль і такая стратэгія, што кніжка найперш выходзіць у электронным выглядзе. Папяровая ж версія існуе як артэфакт, як падарунак, напрыклад, для людзей, якія прыходзяць на прэзентацыі, якія любяць папяровыя кнігі. Вось “Сядзібу” можна будзе набыць найперш на прэзентацыях.
РР: І першая прэзентацыя ў Полацку?
– Так, мяне ўжо запрасілі курсы “Жывая мова”. Думаю, што гэта самае зацікаўленае кола чытачоў у Полацку, бо для іх гэты раман – пазнавальны. Яны пазнаюць і тапаніміку, і герояў. Гэта пра іх.
Алесь Аркуш кажа, што мае планы на новую кнігу. Хоць заўважыў, што пакуль папярэдняя кніга не пабачыла свет у папяровым выглядзе, то цяжка пераключыцца на нешта новае, “кніга не адпускае”.
– Цяпер думаю над кнігай, якая будзе нялёгкай, складанай, гэта рэфлексія пра тое, як у Беларусі чалавек, які тут нарадзіўся і жыве на сваёй зямлі, не ёсць гаспадаром на гэтай зямлі. Гэтая кніга будзе звязаная з лёсам майго дзеда. Я называю яе для сябе “Лінія жыцця”, гэта як лінія жыцця на далоні. Але назва мне не падабаецца, таму, думаю, што ў канчатковым варыянце назва будзе зменена. Тут важна знайсці “тэмбр” кнігі. Для мяне не складана прыдумаць сюжэт, складана знайсці тэмбр кнігі, то бок, як напісаць.
Раман “Сядзіба”, як і папярэднія раманы Алеся Аркуша, выйшаў у выдавецкай ініцыятыве “Полацкае ляда”. На вокладцы кнігі выкарыстаныя графічныя працы Юрыя Якавенкі.
Раней пабачылі свет раманы Алеся Аркуша: “Палімпсэст” (2012), “Мясцовы час” (2014) і “Захоп Беларусі марсіянамі” (2016).
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з групы „Алесь Аркуш „Сядзіба” ў facebook
