Мікалай Чаргінец: Арлова і Якавенку не рэкамендуем для вывучэння ў школах



Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ) штогод рэкамендуе Нацыянальнаму інстытуту адукацыі і Міністэрству адукацыі спіс кніг да вывучэння ў школах, паведаміў старшыня аб’яднання Мікалай Чаргінец 11 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

„Мы кожны год робім аналіз твораў беларускай і рускай літаратуры і прапаноўваем Нацыянальнаму інстытуту адукацыі і Міністэрству адукацыі наша бачанне, якія кнігі заслугоўваюць увагі”, — сказаў кіраўнік СПБ, адказваючы на пытанне БелаПАН, ці сапраўды ён лабіруе інтарэсы членаў аб’яднання.

„Гэта толькі нашы прапановы, не каманда. Яны вывучаюцца, і тое, што падыходзіць, прымаецца, — сказаў Чаргінец. — Ад нас заўсёды патрабуюць рэкамендацый. Бо гэта нонсенс, калі б не цікавіліся ў пісьменніка творамі, якія выдаюцца ў Беларусі”.

Кіраўнік СПБ падкрэсліў, што гэта практыкуецца яшчэ з часоў СССР, калі Саюз пісьменнікаў Беларусі штогод адбіраў творы, якія заслугоўваюць увагі школьнікаў і студэнтаў, і рэкамендаваў адпаведным дзяржслужачым гэтыя творы для ўнясення ў вучэбную праграму.

„Сапраўды, я нядаўна пісаў у Міністэрства адукацыі, і нашы рэкамендацыі па творах у асноўным былі ўлічаныя. Яны ўключаны ў школьную праграму”, — сказаў Чаргінец, дадаўшы, што не ўхваліла камісія толькі раман Мікалая Ільінскага „Цвіла, цвіла чаромха”.

Ён заявіў, што СПБ падтрымае любыя творы, незалежна ад таго, адкуль аўтар, калі гэта „паслужыць выхаванню нашых дзяцей”. Кіраўнік аб’яднання прывёў у прыклад сваю кнігу „Сыны”. „Там пра 18-гадовых хлопцаў, якія ваююць на фронце. Хіба гэта не павінна быць цікава старшакласнікам, каб яны думалі, разважалі?” — сказаў Чаргінец.

Між тым, адзначыў кіраўнік СПБ, саюз не ўхваляе некаторых беларускіх пісьменнікаў і іх творы.

„Мы супраць твораў таго ж Уладзіміра Арлова і таго ж Васіля Якавенкі, — сказаў ён. — Яны адкрыта ўслаўляюць фашызм і патрабуюць назваць у Мінску вуліцу імем Вільгельма Кубе, гаўляйтара Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі”.

Паводле слоў Чаргінца, гэтыя „хлопчыкі ад пяра” патрабуюць зрабіць гэта ў Беларусі, дзе загінуў кожны трэці грамадзянін.

„Гэтыя пісьменнікі спрабуюць вярнуць часы фашызму ў Беларусі. Мы, вядома, супраць такіх кніг, — сказаў кіраўнік СПБ. — І такую інфармацыю студэнтам уводзяць у вушы некаторыя выкладчыкі. І ў тым ліку ў педуніверсітэце ў нас у гэтым плане непарадак. А гэта ж будучыя настаўнікі — што яны дадуць нашым дзецям? Можа, таму многіх з іх больш цягне да банкі піва, чым да таго, каб прачытаць добрую кнігу”.

belapan.by