Міхал Андрасюк атрымаў „Гліняны Вялес”



“Гліняны Вялес” – для Міхала Андрасюка. Упершыню літаратурная прэмія, заснаваная Таварыствам вольных літаратараў 30 гадоў таму на Полаччыне, уручалася па-за межамі Беларусі. Падляшскі аўтар Міхал Андрасюк стаў лаўрэатам прэміі за кнігу “Поўня” яшчэ ў 2020 годзе, але з увагі на пандэмію, а пазней беларускую мірную рэвалюцыю і падзеі пасля яе, так і не змог прыехаць у Беларусь. Уручэнне адбылося ў суботу, 26 лютага, падчас адкрыцця вялікай канферэнцыі “Падляшскае суседства – выклікі”, якая праходзіць у Беластоку.

Алесь Аркуш

Кажа адзін са стваральнікаў прэміі – Алесь Аркуш:

Не мог Міхал прыехаць да нас, а мы прэмію ўручаем пераважна ў Полацку, бо гэта полацкая прэмія. Міхал Андрасюк – гэта пясняр памежжа, чалавек, які нарадзіўся ля самай мяжы і ўсе яго творы практычна прысвечаны праблемам памежжа, жыццю памежжа і ў тым ліку гэты раман можна назваць раманам памежжа.

Міхал Андрасюк атрымаў традыцыйную фігурку “Глінянага Вялеса” і сказаў некалькі слоў прысутным:

Я лічу, што гэтая літаратурная прэмія ня толькі для мяне, а для ўсіх нашых аўтараў, хто піша, хто захаваў беларускую мову ў Польшчы. Як сказаў Сакрат Яновіч, беларусы ў Польшчы – гэта адзіная нацыянальная меншасць, якая была ў змозе стварыць сваю літаратуру.

Яўген Вапа, выдавец, Праграмная Рада тыднёвіка „Ніва”

Міхал Андрасюк раней быў узнагароджаны “Залатым апострофам” часопіса “Дзеяслоў” за сваю прозу друкаваную на ягоных старонках у 2009 годзе. Таксама атрымаў літаратурную прэмію прэзідэнта горада Белостока імя Веслава Казанэцкага за 2011 год за кніжку “Белы конь”. У 2019 годзе быў лаўрэатам другой прэміі імя Ежы Гедройца.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]