Міхал Казімір Агінскі прыплыў на свята на лодцы



3 чэрвеня ў Слоніме на набярэжнай канала Агінскага распачаўся XIII фестываль “Паланэз”. У мінулыя гады свята заўсёды пачыналася ад пажарнай вежы ў цэнтры горада, а сёлета слонімцаў і гасцей “Паланэзу” шчыра вітаў Міхал Казімір Агінскі, які на лодцы праплыў па канале Агінскага.

А потым пачалося касцюміраванае шоу, якое прайшло ў антуражы XVIII стагоддзя. І вядома ж – танцавальны вальс, калі моладзь закружылася ў танцы пад гукі знакамітай мелодыі – паланэзу “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага – пляменніка слонімскага старосты і гетмана Вялікага Княства Літоўскага.

У гэты самы дзень слонімцы і госці горада ўбачылі касцюміраванае тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў свята і конкурсную праграму.

Гасцямі фестывалю „Паланэз” у Слоніме сталі не толькі жыхары Беларусі, але і Польшчы, Літвы. У Слонім з’ехаліся звыш двух дзясяткаў калектываў — дзіцячых, дарослых харэаграфічных, аркестравых і вакальна-харавых з усёй рэспублікі. Гэта як прафесійныя, так і аматарскія калектывы.

Фестываль “Паланэз” ужо стаў своеасаблівай культурнай візітоўкай Слоніма.

 

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара