Мінінфарм: Кожная пятая кніга сёлета выйшла на беларускай мове



За шэсць месяцаў 2018 года ў Беларусі выдадзена 4.679 найменняў кніг тыражом 11,7 млн асобнікаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі 24 жніўня ў Менску начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава.

Яна звярнула ўвагу на тое, што ў параўнанні з тым жа перыядам 2017 года колькасць найменняў кніг вырасла на 4,4%, а наклад — на 17,6%.

На беларускай мове за першае паўгоддзе выдадзена 643 найменні (+14,8%) тыражом 2,123 млн асобнікаў (+2,6%). Удзельная вага найменняў беларускамоўных выданняў у агульным аб’ёме выпушчанай літаратуры склала 13,7%, а іх наклад — 18,2%.

„Кожная пятая кніга ў Беларусі выходзіць на беларускай мове. У апошнія гады ўсталявалася тэндэнцыя — рост накладу выданняў на беларускай мове, што радуе”, — сказала Паўлава.

Паводле слоў чыноўніцы, каля паловы ўсіх выдадзеных за паўгода кніг прадстаўлены падручнікамі, вучэбна-дапаможнай і метадычнай літаратурай. На гэтыя выданні прыходзіцца звыш 60% ад сукупнага накладу. „У нас свая нацыянальная адукацыя, таму больш за ўсё ў краіне выдаецца вучэбнай літаратуры”, — падкрэсліла прадстаўнік Мінінфарма.

belapan.by