Міністэрства культуры звольніла дырэктара Музея гісторыі літаратуры



Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў мусіць пакінуць пасаду, бо «так захацелі наверсе».

Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Афіцыйных тлумачэнняў прычын у Міністэрстве культуры яму не далі, нягледзячы на пісьмовы запыт на імя міністра патлумачыць прычыны.

„Выказваю шчырыя словы павагі і падзякі ўсяму калектыву літаратурнага музея і ўсіх нашых філіялаў за няўяўную адданасць сваёй справе і адраджэнне добрага імя музея, усім нашым партнёрам і сябрам за сумесную працу і за падтрымку нашых праектаў. Разам нам удалося за кароткі тэрмін зрабіць музей цікавым, вядомым і папулярным для наведвальнікаў, рэалізаваць шмат яркіх ідэй і незвычайных праектаў, паказаць, што літаратурная спадчына ў гісторыі беларускага народа – гэта велізарны і бясконца цікавы свет, які вучыць нас, нягледзячы ні на што, заўсёды заставацца самімі сабой і ганарыцца тым, што Мы – БЕЛАРУСЫ.

Пакуль сыходжу ў нікуды, але калі зачыняюцца адны дзверы – павінны адкрыцца іншыя. Віншую ўсіх з надыходзячым Новым годам – няхай ён адкрые нам усім гэтыя дзверы ў Новую Беларусь шырэй …”, – напісаў Міхаіл Рыбакоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Фэйсбук