Мінюст праводзіць кантрольныя мерапрыемствы па праверцы СБП



Сёння, 13 ліпеня, на нашу пошту прыйшло паведамленне аб атрыманні заказнога ліста ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Дакумент №06-12 ад 06.07.2021 прайшоў пошту ў той жа дзень і толькі 09.07.2021 у пятніцу, паводле паштовага штэмпеля, паступіў у аддзяленне 220012 (Мінск-12). Яшчэ ўчора ў панядзелак пошты ў арганізацыі не было, паведамленне прыйшло раніцай 13 ліпеня.

У лісце начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Алены Кірычэнкі паведамляецца пра правядзенне Мінюстам кантрольных мерапрыемстваў па вывучэнню дзейнасці грамадскай арганізацыі „Саюз беларускіх пісьменнікаў”. У лісце запытваецца масіў дакументаў ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў” з 1 студзеня 2018 года па 1 ліпеня 2021 года па 27 канкрэтных пунктах, звязаных са статутнай дзейнасцю арганізацыі. Дакументы па ўсіх пунктах трэба прадставіць да 13 ліпеня, г.зн. да сённяшняга дня.

Намі накіраваны запыт у Міністэрства юстыцыі аб падаўжэнні тэрміну прадстаўлення інфармацыі на два дні, да 15 ліпеня 2021 года.

lit-bel.org