Міжнародны фальклорны фестываль-конкурс арганізуюць у Гомелі



Першы адкрыты міжнародны фальклорны фестываль-конкурс „Прамень” пройдзе 17-18 лістапада ў Гомелі ў Гарадскім цэнтры культуры.

На сцэне цэнтра аматарскія і прафесійныя калектывы, індывідуальныя выканаўцы з усіх рэгіёнаў Беларусі прадставяць кампазіцыі традыцыйнага фальклору, а таксама аўтарскія творы ў фальклорнай стылістыцы. Па словах арганізатараў, фэст аб’яднае каля 120 чалавек.

Лепшых трэба будзе вызначыць у намінацыях „Вакал”, „Інструментальнае выканальніцтва”, „Харэаграфія”. Журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя артысты, педагогі творчых дысцыплін, рэжысёры, кіраўнікі калектываў, дзеячы культуры і мастацтваў, назаве таксама ўладальнікаў Гран-пры і спецыяльных узнагарод.

Акрамя конкурснай праграмы для ўдзельнікаў і гасцей фэсту запланаваны розныя майстар-класы.

Лепшыя нумары прагучаць на гала-канцэрце, дзе таксама выступяць лідfр этна-трыа „Троіца” Іван Кірчук, фолк-праект „Ягорава гара”. Па выніках конкурсу будзе створаны каталог выканаўцаў і калектываў, якім прапануюць удзел у новых творчых праектах.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Гарадскі цэнтр культуры, прадзюсерскі цэнтр „Ягорава гара”. Сярод асноўных мэтаў мерапрыемства – захаванне і папулярызацыя фальклорных традыцый, нацыянальнай культуры, выяўленне і падтрымка таленавітых выканаўцаў. Плануецца, што фолк-фэст стане штогадовым.

zviazda.by