Міжнародны фестываль “Мотальскія прысмакі”



У мястэчку Моталь праходзіць двухдзённы Міжнародны фестываль “Мотальскія прысмакі”.  Праграма фестывалю насычаная і разнастайная.

Нягледзячы на спякоту ў першы дзень фестывалю, людзей было вельмі шмат не толькі з розных куткоў Беларусі, а і замежнікаў, кажа Валянціна Пуцыковіч:

– Гэты фэст ужо восьмы. Ён адметны тым, што ў нас усё новыя і новыя госці. У тым годзе да нас прыехалі госці з Прыбалтыкі, Ізраіля ды іншых краін. Гэта край таленавітых людзей. Калі ўзгадаць, што першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вэйцман быў родам з мястэчка Моталь, то гэта шмат пра што гаворыць. Тут у адным населеным пункце больш за 600 прадпрымальнікаў.  

Паводле Валянціны Пуцыковіч, у Моталі жыве больш за чатыры тысячы чалавек. Маладыя атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца дадому. Жывуць матыляне, як вядзецца здаўна, заможна.

На фестывалі было шмат прадукцыі, зробленай сваімі рукамі. Праўда, чэргі стаялі толькі за мотальскімі каўбасамі і рыбай. Было шумна і весела, няглядзячы на 32-градусную спёку ў суботу. Многа людзей, апранутых у вышыванкі. Прыгожыя вышыванкі былі і ў продажы.

Беларускае Радыё Рацыя