Міжнародны канцэрт памяці Шастаковіча – у вёсцы Нарач



Беларуска-французскі канцэрт, прысвечаны 111-годдзю з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, 30 ліпеня пройдзе ў касцёле Святога Апостала Андрэя ў вёсцы Нарач Мядзельскага раёна.

Традыцыя правядзення ў Мядзельскім раёне канцэртаў, прысвечаных Дзмітрыю Шастаковічу, была закладзена ў мінулым годзе, калі ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Шэметава адбылося выступленне беларускіх музыкантаў, прысвечанае 110-годдзю з дня нараджэння кампазітара. Шэметава невыпадкова было выбрана для канцэрта да юбілейнай даты Дзмітрыя Шастаковіча (1906-1975): менавіта тут жыў яго прадзед Пётр Шастаковіч (1808-1871).

Калі першы раз на канцэрце ігралі музыканты Белдзяржакадэміі музыкі, то ў бягучым годзе да іх далучыцца вядомы французскі габаіст Жэром Гішар, які прыедзе з Парыжа і будзе выступаць у канцэрце для габоя і струнных.

belta.by