Музеі Купалы і Коласа могуць пазбавіць статусу самастойных юрасоб



«Нелегітымныя ўлады замахнуліся на святое – памяць Янкі Купалы і Якуба Коласа». Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале піша лідар НАУ Павел Латушка.

У распараджэнне НАУ паступіла інфармацыя пра планы па пазбаўленні двух найстарэйшых літаратурных музеяў Беларусі, музея Янкі Купалы і музея Якуба Коласа, статусу самастойных юрыдычных асоб.

«Нелегітымныя ўлады плануюць зрабіць ix з 1 кастрычніка філіяламi Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гэта спроба прынізіць спадчыну беларускіх песняроў… Прыкрываючыся адсутнасцю фінансавання, урад Лукашэнкі вядзе ўсвядомленую палітыку па знішчэнні культуры і дэградацыі беларускага грамадства», – адзначыў Павел Латушка.

Апазіцыйны палітык звяртаецца да беларускай грамадскасцi з просьбай накіроўваць электронныя звароты ў Савет Міністраў і Міністэрства культуры з патрабаваннем не дапусціць гэтага. У сваю чаргу, НАУ ініцыявала ў ЮНЕСКА разгляд пытання аб рэпрэсіях ў сферы культуры ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/latushka